24 чэрвеня Іван Прус патэлефанаваў у Маскоўскі РАУС, каб спытаць, як яму дабрацца на працу без затрыманняў. Званку папярэднічала брутальнае затрыманне людзей у «ланцугах салідарнасці» і чэргі каля крамы Symbal.by. Тэлефанавалі ў міліцыю з падобным пытаннем і іншыя мінчукі, іх размова пазней з'явілася ў сеціве. Ужо 26 чэрвеня Івана затрымалі ў цэнтры горада. Сёння яго судзілі за дробнае хуліганства: міліцыянты палічылі, што сваім 3-хвілінным званком ён адцягнуў іх ад працы, чым праявіў відавочную непавагу да грамадства, піша Tut.by.

Сябры Івана кажуць, што ён літаральна знік у пятніцу вечарам. Толькі на наступны дзень удалося высветліць, што яго затрымалі, даставілі ў Маскоўскае РУУС, пасля чаго павезлі ў ізалятар на Акрэсціна.

Выхадныя ўпершыню затрыманы Іван Прус правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе звычайна сядзяць асуджаныя на «суткі».

На пытанні суда ён адказвае з клеткі, хоць іншыя затрыманыя, на працэсах якіх была прэса, давалі паказанні, седзячы за сталом аднаго з кабінетаў ізалятара на Акрэсціна.

Рапарты аб правапарушэнні падалі старшы аператыўны дзяжурны Карпеня і старшы інспектар Маскоўскага РУУС Бакачэўскі. У пратаколе пазначана, што 24 чэрвеня Іван Прус патэлефанаваў з мабільнага ў дзяжурную службу Маскоўскага РУУС і задаў пытанне, якое не адносіцца да кампетэнцыі міліцыі, а менавіта: як яму бяспечна дабрацца на працу без затрыманняў, без таго, каб яго не спакавалі ў аўтазак. Дарэчы, дзяжурны яму адказаў: «Не парушаць правілы грамадскага парадку, і ўсё». Больш за тое, запэўніў, што наогул нікога не затрымліваюць.

На думку праваахоўнікаў, гэты званок перашкаджаў іх працы, сваімі дзеяннямі Прус праявіў відавочную непавагу да грамадства, гэта значыць здзейсніў дробнае хуліганства (арт. 17.1 КаАП).

Іван Прус, знаходзячыся ў клетцы, па відэасувязі паведаміў, што за час, праведзены ў ізалятары, усё ўсвядоміў, прызнае сябе вінаватым і раскайваецца ў зробленым. Паводле яго слоў, ён адчуў стрэс у ізалятары, ніколі раней яго не затрымлівалі.

Судовы працэс працягваўся 15 хвілін. Праз дзве гадзіны, праведзеныя у дарадчым пакоі, суддзя Лідзія Цяліца абвясціла пастанову — штраф 20 базавых велічынь (540 рублёў).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?