Фрунзенскі раён Мінска — самы вялікі ў краіне. На яго тэрыторыі пражывае 236 тысяч выбарцаў (не жыхароў). 29 чэрвеня тэрытарыяльная камісія Фрунзенскага раёна забракавала подпісы, якія тут былі сабраныя ў падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы.
«Усё праходзіла вельмі проста і хутка, на працягу 20 хвілін, — расказвае назіральнік ад Партыі БНФ Юрый Чавусаў. — Старшыня камісіі агучваў лічбы сапраўднасці ці несапраўднасці подпісаў. Па экспертызу звярталіся ў дзяржаўны Камітэт судовых экспертыз. А члены тэрытарыяльнай камісіі галасавалі па прапанаваных варыянтах. І ў выпадку Цапкалы, і ў выпадку Бабарыкі несапраўднымі былі прызнаныя 16% подпісаў, што дало падставу прызнаць несапраўднымі ўсе».
Віктар Бабарыка ў Фрунзенскім раёне здаў 47 190 подпісаў, Валерый Цапкала — 17 853. «Выходзіць, што 20% выбарцаў Фрунзенскага раёна застануцца без свайго кандыдата», — кажа Чавусаў.
Подпісы ў падтрымку вылучэння Аляксандра Лукашэнкі, Ганны Канапацкай, Андрэя Дзмітрыева і Святланы Ціханоўскай прызнаныя сапраўднымі.
Дапоўнена: У Маскоўскай выбарчай камісіі 30341 подпіс за Бабарыку прызнаны несапраўдным. За Лукашэнку пададзены 40 102, з іх несапраўдныя 70. У Дзмітрыева прызнаныя сапраўднымі 6864 подпісы, Канапацкай — 3346, Ціханоўскай — 3384, Цапкалы — 7778, Чэрачня — 22615.
Раней у гэты самы дзень несапраўднымі подпісы ў падтрымку Бабарыкі і Цапкалы былі прызнаныя ў раёнах Гомеля і Віцебска, Жлобіне, Светлагорску і іншых гарадах.