У Гародні ў будынку абласнога суда працягваюць разглядацца адміністрацыйныя справы затрыманых падчас пікета 29 траўня разам з Сяргеем Ціханоўскім фігурантаў крымінальнай справы па арт. 342 КК. Гэта палітвязні Вяргілій Ушак, Аляксандр Арановіч і Арцём Сакаў. Пратаколы на іх складзены за той жа інцыдэнт 29 траўня — за які і заведзена крымінальная справа, паведамляюць праваабаронцы.

Першым разглядалася справа Вяргілія Ушака. На яго складзены два пратаколы пра нібыта адміністрацыйныя правапарушэнні — паводле артыкулаў 17.1 (хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі). Працэс вяла суддзя Ленінскага раённага суда Наталля Козел. На працэсе выступілі як сведкі службоўцы АМАПа Павел Конан, Дзяніс Серада і Сяргей Рынко.

У вынік суддзя Наталля Козел засудзіла Вяргілія Ушака агулам да 7 сутак адміністрацыйнага арышту (17.1 — 3 сутак, 23.4 — 4 сутак).

Па такіх жа артыкулах другі палітвязень Аляксандр Арановіч атрымаў 10 сутак арышту (17.1 — 4 сутак, 23.4 — 6 сутак). Рашэнне вынесла тая ж суддзя.

Пасля абеду пачала разглядацца адміністрацыйная справа аператара «Краіны для жыцця» Арцёма Сакава. На яго складзены пратакол па артыкуле 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Сведкамі выступаюць міліцыянты Раман Мацкевіч і Сяргей Біліда.

Прадстаўнік органа, які вядзе адміністрацыйны працэс, не мог назваць дакладную дату і абставіны затрымання Сакава (яго затрымлівалі 31 траўня). 

Адвакат звяртае ўвагу на тое, што пратакол складзены сёмага чэрвеня, а прывезлі яго Сакаву ў Мінск толькі 12-га. Сакава па ім ніхто не апытваў, ён сваіх тлумачэнняў не даваў.

Першы сведка — супрацоўнік АМАПа Раман Мацкевіч. Ён не памятае, ва што быў апрануты Сакаў, відэарэгістратар ніхто не глядзеў. Ён і іншы сведка Біліда не могуць згадаць, якой «нецэнзурнай лаянкай» лаяўся пры затрыманні Арцём Сакаў. 

Адвакат звярнуў увагу на парушэнні правоў Арцёма Сакава, супярэчнасці ў паказанняў сведак, заявіў пра абсалютную недаказанасць віны Сакава і папрасіў спыніць справу. Але суддзя Руслан Гурын прысудзіў яму 5 сутак адміністрацыйнага арышту.

У апошнія тры дні таксама былі асуджаны на «суткі» іншыя фігуранты «справы Ціханоўскага» — Уладзімір Кніга, Яўген Разнічэнка, Васіль Баброўскі, Уладзімір Навумік, Зміцер Фурманаў і сам Сяргей Ціханоўскі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0