Бацька заплаціў 4,99 фунта (каля 6 даляраў) за анлайн-гульню для 11-гадовай дачкі, а праз месяц атрымаў рахунак на тысячы фунтаў, піша bbc.com.

72-гадовы Стыў Камінг з Вялікабрытаніі распавёў, што дазволіў дачцэ расплаціцца сваёй карткай з кампаніяй Roblox. І гэта быў разавы плацёж.

Roblox — калектыўная анлайн-гульня, якая налічвае каля 100 мільёнаў карыстальнікаў па ўсім свеце.

Яна асабліва папулярна сярод дзяцей. Яе можна спампаваць бясплатна, але падчас гульні ўдзельнікі могуць выдаткоўваць грошы.

Стыў Камінг растлумачыў BBC, што яго 11-гадовая дачка не разумела рэальны стан рэчаў, калі гуляла ў Roblox падчас каранціну.

«Дачка сказала, што ўсе яе сябры гуляюць у гэтую гульню. Яна хацела выдаткаваць 4,99 фунта, — распавёў ён. — 16 красавіка яна разлічылася маёй карткай. А пасля гэтага я і забыўся пра гэтую гульню».

Падчас пандэміі Стыў вырашыў зарэгістравацца ў сістэме інтэрнэт-банка.

Калі ён упершыню зайшоў на сваю старонку, то быў шакаваны. Амаль праз месяц пасля першага плацяжу ён страціў 4 642 фунтаў (5 800 даляраў), рахунак быў у мінусе.

«Я быў уражаны, убачыўшы сотні і сотні асобных транзакцый. Усё ў суме ад 0,99 да 9,99 фунта. Я нічога не мог зразумець».

Ён патэлефанаваў у свой банк, каб ануляваць карту. Але нягледзячы на гэта, з яго карткі знялі яшчэ каля тысячы фунтаў праз дадатак Google Play, распавядае ён.

«Мая дачка думала, што мела справу з несапраўднымі грашыма. Як можна дазваляць кампаніям ставіць пасткі для непаўналетніх у такіх гульнях?» — абураецца ён.

Стыў Камінг прызнае, што не чытаў умовы продажу, калі дазволіў дачцэ зрабіць плацёж для Roblox.

Але ён уражаны тым, што ў дзіцячай гульні можна выдаткаваць тысячы фунтаў і зрабіць тысячу транзакцый толькі за некалькі тыдняў.

«Мы імкнёмся прадухіліць несанкцыянаваныя вытраты і працуем непасрэдна з бацькамі, каб забяспечыць адпаведную кампенсацыю, калі гэта магчыма, — растлумачылі BBC ў Roblox. — Мы таксама рэкамендуем бацькам праглядаць налады аплаты паслуг, напрыклад, праз сэрвіс Google Play. Яны могуць запароліць кожную пакупку і не захоўваць інфармацыю ў наладах браўзера, якая можа дазволіць рабіць пакупку паўторна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0