Любы школьнік (калі ён, вядома, вучыцца ў старэйшых класах і не самы апошні двоечнік) ведае, што з чорнымі дзіркамі лепш не звязвацца: зацягнуць — і канцы, ужо такая ў іх прырода.

Канечне, астраномам вядома пра чорныя дзіркі значна больш, але нават прафесіяналы былі ўражаны, калі высветлілі, што адкрытая ў 2018 годзе дзірка расце з рэкорднай для ўсяго сусвету хуткасцю, піша bbc.com. За дзень яна здольная з'есці Сонца і ўжо набрала масу, роўную 34 мільярдам такіх сонцаў як наша, што выводзіць яе ў лігу нават не звышмасіўных, а ультрамасіўных чорных дзірак.

«Маса гэтай дзіркі ў 8 тысяч разоў большая, чым у чорнай дзіркі ў цэнтры Млечнага шляху, — тлумачыць астраном Крыстафер Онкен з Аўстралійскага нацыянальнага ўніверсітэта ў Канберы. — Калі б наша дзірка была такой жа пражэрлівай, яна б ужо праглынула дзве траціны ўсіх зорак у нашай галактыцы».

На шчасце, монстар знаходзіцца за мільярды светлавых гадоў ад нас, у цэнтры галактыкі, у якой нават няма ўцямнага імя, толькі набор літар і лічбаў SMSS J215728.21-360215.1 (прафесіяналы паміж сабой называюць яе проста J2157).

І ўсё ж дзірка з J2157 у першую чаргу цікавая навукоўцам не сваім апетытам і нават не памерамі, — маюцца і большыя — а тым, што яна ўтварылася неўзабаве пасля Вялікага выбуху, калі Сусвет быў зусім малады — яму тады было каля мільярда гадоў.

Адкрыццё гэтай дзіркі, па словах Онкена, кідае выклік існай касмалагічнай мадэлі, таму што заўсёды лічылася, што на фарміраванне звышмасіўнай чорнай дзіркі сыходзіць шмат часу і вельмі шмат матэрыі. Так што звышмасіўная дзірка, якая хаваецца ў раннім Сусвеце, — гэта ўжо звышзагадка.

«Што ўяўляе сабой гэтая галактыка, аднаго з гігантаў ранняга Сусвету? Ці паспела чорная дзірка праглынуць большую частку свайго асяроддзя? Гэта нам яшчэ трэба высветліць», — піша Онкен у выданні Monthly Notices of the Royal Astronomical Society.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0