31 дэпутат Еўрапарлемента — прадстаўнікі розных яго фракцый — звярнуліся да Еўракамісіі і ўсіх дзяржаў — удзельніц ЕС перагледзець рашэнне 2016 года аб зняцці санкцый з шэрагу беларускіх чыноўнікаў і кампаній, піша Радыё Свабода.
Ліст «Аб зняволенні палітычнай апазіцыі ў Беларусі» адрасаваны старшыні ЕК Урсуле фон дэр Ляен, старшыні Еўрапейскай рады Шарлю Мішэлю і вярхоўнаму прадстаўніку ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жузэпу Барэлю.
У ім гаворыцца:
«Улады Беларусі пад кіраўніцтвам прэзідэнта Лукашэнкі апошнім часам ўзмацнілі наступ на дэмакратычныя правы ў краіне напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, прызначаных на 9 жніўня. Яны знявольваюць кандыдатаў у прэзідэнты, прадстаўнікоў апазіцыі і звычайных грамадзян падчас пікетаў для збору подпісаў. Шырока паведамляецца таксама пра арышты журналістаў і блогераў.
Гэтыя адвольныя арышты справядліва выклікаюць асуджэнне ва ўсім сьвеце. Мы, што ніжэй падпісаліся, былі рады бачыць, што Еўрапейская служба вонкавых сувязяў і Еўрапейская камісія занялі цвёрдую пазіцыю супраць гэтага. Аднак, як заўсёды, дзеяньні тут гучнейшыя за словы.
Па меры набліжэньня да прэзідэнцкіх выбараў гэты крок выглядае важным як ніколі. Адсутнасць захадаў у барацьбе з пандэміяй у краіне выявіла некампетэнтнасць кіравання Лукашэнкі перад большасцю насельніцтва.
У 2016 годзе Рада прыняла рашэнне аб зняцці санкцый з 170 прыватных асоб і трох кампаній у Беларусі. Улічваючы апошнія падзеі, мы мусім перагледзець гэтае рашэнне. Таму мы заклікаем вас перагледзець і пашырыць спіс санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў і кампаній, датычных да абмежавання правоў чалавека і дэмакратыі падчас гэтай выбарчай кампаніі.
У гэтым кантэксце мы таксама нагадваем пра важнасць так званага акту Магніцкага на ўзроўні ЕС, як гэта выказала большасць Еўрапарламента ў сваёй рэзалюцыі ад 14 сакавіка 2019 года. Гэта было б вельмі важным інструментам у распараджэнні ЕС для таго, каб утрымаць сусветнае лідарства ў адстойванні правоў чалавека. Мы заклікаем Еўракамісію, Еўрапейскую службу вонкавых сувязяў і дзяржавы-ўдзельніц актывізаваць свае намаганні і як найхутчэй завяршыць стварэнне такога рэжыму санкцый».
На чале падпісантаў — дэпутаты Карын Карлсбру (Швецыя) і Пятрас Аўштравічус (Літва). Ліст падпісаў 31 дэпутат, яны прадстаўляюць усе парламэнцкія групы, апрача правапапулісцкай еўраскептычнай «Ідэнтычнасць і дэмакратыя».