Фота з сайта Бі-бі-сі

Фота з сайта Бі-бі-сі

Учора ў Маскве супрацоўнікі ФСБ затрымалі паводле абвінавачвання ў дзяржаўнай здрадзе вядомага журналіста Івана Сафронава. Ён раней працаваў спецкарэспандэнтам у выданнях «Коммерсант» і «Ведомости», а апошнія два месяцы працаваў дарадцам кіраўніка Раскосмаса Дзмітрыя Рагозіна.

Паводле версіі спецслужбы, Сафронаў перадаваў звесткі пра расійскую «абаронку» краінам НАТА — адвакаты сцвярджаюць, што гаворка ідзе пра Чэхію.

Суд па просьбе следства арыштаваў Сафронава на два месяцы — да 6 верасня. Хадайніцтва разглядалася ў закрытым рэжыме, хоць абарона настойвала, што падстаў для гэтага няма.

Абвінавачванне Івану Сафронаву выставілі па артыкуле 275 КК РФ (Дзяржаўная здрада), паведаміла Федэральная служба бяспекі. Ён прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 12 да 20 гадоў са штрафам да 500 тысяч рублёў (7 100 даляраў).

Справы, звязаныя з дзяржбяспекай і дзяржтаямніцай, суды разглядаюць у закрытым рэжыме. Матэрыялы следства таксама засакрэчваюць — гэта значыць, што падрабязнасці таго, у чым менавіта абвінавачваюць Сафронава, сілавікі агучваць не будуць.

Паводле тэксту артыкула, пад дзяржаўнай здрадай маецца на ўвазе «выдача замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі або іх прадстаўнікам звестак, якія складаюць дзяржаўную таямніцу», якая была «давераная асобе або стала вядомая яму па службе, працы, вучобе». Акрамя таго, пад дзяржаўнай здрадай маецца на ўвазе аказанне замежным дзяржавам і арганізацыям дапамогі ў дзейнасці, «накіраванай супраць бяспекі Расіі».

«Сафронаў, выконваючы заданні адной са спецслужбаў НАТА, збіраў і перадаваў яе прадстаўніку звесткі, якія складаюць дзяржаўную таямніцу аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве, абароне і бяспецы», — патлумачылі ў прэс-службе ФСБ.

Затрыманне праводзілі супрацоўнікі ўпраўлення «П» Службы эканамічнай бяспекі ФСБ, распавяла Бі-бі-сі крыніца, блізкая да следчых органаў. Супрацоўнікі ўпраўлення «П» курыруюць контрразведку ў прамысловай сферы.

Затым у кватэры Сафронава прайшоў ператрус. Сам Іван заявіў у судзе, што віну не прызнае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0