58-гадовы мінчук Алег Зыль пару дзён таму нечакана даведаўся, што нібыта вылучыў у склад участковай выбарчай камісіі начальніцу аддзела кадраў і справаводства ААТ «Белметал» Таццяну Плашчынскую.

З «дапамогай» Зыля і яшчэ дзевяці грамадзян яна стала членам камісіі на ўчастку для галасавання №90 Заводскага раёна Мінска.

«Колькі дзён таму на вайбер мне прыйшло паведамленне ад адваката Сяргея Зікрацкага, ён выпадкова сфатаграфаваў заяву, у якой было і маё прозвішча.

Вядома, што ніякі подпіс я не ставіў. На здымку не мой подпіс!

Сяргей склаў заяву ў міліцыю Заводскага раёна Мінска. Пад ёй падпісалася яшчэ пяць ці шэсць чалавек», — расказаў «НН» Алег Зыль.

Сам мужчына працуе ў сферы аховы, ніякага дачынення да «Белметала» не мае. Кажа, што дадому да яго ніхто не прыходзіў.

«Упершыню чую пра такую Таццяну Плашчынскую, я з ёй ніколі не гаварыў. У спісе людзі, якія прапісаныя па суседстве са мной на вуліцах Райніса, Народнай. Магчыма, ЖЭС здаў нейкі спіс ці нехта яшчэ», — кажа спадар Зыль.

Калі ўважліва паглядзець на дакумент, то звяртаеш увагу: большасць подпісаў датаваныя яшчэ лютым, калі выбары яшчэ нават не абвесцілі! Тым не менш гэта не стала перашкодай для ўключэння Плашчынскай у камісію.

Даты ў дакуменце кожны падпісант пазначае ўласнаручна, але напісанне гэтых лічбаў падазрона надзвычай падобнае. Шмат агульнага і ў подпісах, якія нібыта ставілі людзі ў падтрымку Плашчынскай. Звярніце ўвагу, што мінімум у сямі подпісах знізу пад імі ёсць характэрная рысачка. Няўжо так ва ўсіх супала?

Таццяна Плашчынская. Фота з ok.ru

Таццяна Плашчынская. Фота з ok.ru

«НН» адшукала спадарыню Плашчынскую, каб пацікавіцца, як жа праходзіў збор подпісаў? «Усе гэтыя подпісы збіраліся разам з нашым намеснікам генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце [ААТ «Белметал»] Аляксандрам Мякішавым. У мяне ёсць сведка — вось і ўсё».

Мы пацікавіліся ў спадарыні Плашчынскай, чаму ў дакуменце пазначаны люты. «Я не ведаю, дакументы па выніку падаваў Мякішаў, ён у нас старшыня выбарчай камісіі. Мы збіралі і аддавалі дакументы Мякішаву, а ўжо ён адвозіў іх у адміністрацыю», — сказала Плашчынская.

«Вы хадзілі па дамах людзей?»

«Па якіх дамах? Пазваніце Мякішаву, калі ласка. На падставе чаго вы ўвогуле збіраеце гэтую інфармацыю? Мы ўсё робім па законе».

Аляксандр Мякішаў. Фота з вайбера

Аляксандр Мякішаў. Фота з вайбера

Аляксандр Мякішаў, той самы ідэолаг «Белметала», насамрэч узначальвае камісію на ўчастку Плашчынскай. Ён сам вылучаўся ад Камуністычнай партыі.

«Так, [Плашчынская] хадзіла са мной па дамах. Чаму напісаны люты, я не ведаю. Людзі цяпер шмат чаго могуць сказаць. Сёння ён падпісваецца, заўтра будзе адмаўляцца», — сказаў Мякішаў карэспандэнту «Нашай Нівы».

Журналіст даслаў яму дакументы на вайбер, каб ідэаолаг мог з імі азнаёміцца. «Буду разбірацца, у чым праблема. Сапраўды, незразумела адкуль стаіць гэтае «02». Пакуль нічога каментаваць не магу», — адзначыў ён.

«Вам за такое не сорамна?» — запыталіся ў Мякішава.

«А чаму мне павінна быць сорамна? Паслухайце, вы цудоўна разумееце, што творыцца. Учора людзі падпісаліся, а сёння палічылі за лепшае адмовіцца, бо немэтазгодна. Няхай міліцыя займаецца праверкай, я не супраць. Мне за гэта не сорамна», — сказаў мужчына.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?