Фота Надзеі Бужан

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч у 2018 годзе перадаў лідэрства ў Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамадзе Сяргею Чэрачню. 35-гадовы Чэрачань цяпер удзельнічае ў прэзыдэнцкай гонцы. Журналісты спыталі ў Шушкевіча, як ён ацэньвае цяперашнюю кампанію і паводзіны маладога лідэра БСДГ, піша «Радыё Свабода».

«У нас подпісаў фальшывых быць ня можа»

«У мяне даўняе ўражаньне, што гэта прыстойны, годны чалавек. На яго столькі цяпер бруду сталі выліваць, што я яго яшчэ больш палюбіў, — кажа Станіслаў Шушкевіч пра прэтэндэнта на кандыдацтва ў прэзыдэнты Сяргея Чэрачня. — Думаю, што пра кампанію рана яшчэ казаць. Трэба пачакаць, што будзе з рэгістрацыяй».

Станіслаў Шушкевіч катэгарычна адмаўляецца камэнтаваць тое, што ЦВК налічыла Сяргею Чэрачню і, магчыма, іншым прэтэндэнтам больш подпісаў у іх падтрымку, чым яны здавалі. Называе гэта «правакацыяй» і сьцьвярджае, што гэтыя лічбы павінны быць апублікаваныя ў афіцыйным дакумэнце за подпісам старшыні ЦВК.

Паводле сьпісу, які разьмешчаны на сайце ЦВК, Чэрачань здаў 149 750 подпісаў, зь іх сапраўднымі прызнаныя 143 109. Тым часам прэс-сакратар каманды Чэрачня Алег Чумакоў заяўляў, што было здадзена каля 106 тысяч подпісаў.

«Мы самая дасьведчаная каманда па зборы подпісаў, — кажа Станіслаў Шушкевіч пра каманду Чэрачня. — У нас подпісаў фальшывых быць ня можа. Мог быць толькі правакатар, які спэцыяльна ўсунуўся і зрабіў нешта ня так. А мы сабралі надзейную колькасьць подпісаў. Я пра лічбы гаварыць не хачу. Ніякіх камэнтароў. Мы сабралі столькі, каб з улікам магчымых адбраковак мець сто тысяч подпісаў для залічэньня Чэрачня кандыдатам у прэзыдэнты».

«Нашая ўлада супраць нашай дзяржавы»

Станіслаў Шушкевіч пільна сочыць за выбарчай кампаніяй і асуджае арышты яе ўдзельнікаў.

«Для мяне поўная нечаканасьць тое, што адбылося зь вядомымі асобамі, — кажа ён. — Нахабства нашай улады не параўнальнае ні з чым. Трэба ўсяго баяцца, бо нашая ўлада супраць нашай дзяржавы, супраць нашага народу. А на чале — прэзыдэнт, які хоча быць пры ўладзе. Розныя вэрсіі, якія высоўваюцца супраць кандыдатаў у кандыдаты, — гэта ўсё творчасьць хеўры нашага прэзыдэнта і тых, каму ён добра плаціць за народны кошт, зь людзкіх падаткаў».

Ён кажа, што добра ведае ўсіх «гульцоў», апроч Віктара Бабарыкі.

«Але я паслухаў яго, што ён кажа, і шчыра скажу, што ён мне спадабаўся, — кажа Станіслаў Шушкевіч. — Вельмі спадабаўся. Цапкалу камэнтаваць ня буду, я яго вельмі даўно ведаю. Гэта высокаадукаваны чалавек, але гэтую адукаванасьць можна па-рознаму накіраваць. У параўнаньні з Лукашэнкам ён па адукацыі геній! Ён МДІМА скончыў на выдатна, гэта ня вельмі проста зрабіць. Прыстойная адукацыя палітычных асоб у дзяржаве мне заўжды падабалася».

З сымпатыяй Шушкевіч ставіцца і да Сяргея Ціханоўскага.

«Ціханоўскую я ня ведаю, але ведаю Ціханоўскага, — тлумачыць спадар Станіслаў. — Ён мне вельмі падабаўся. Браў у мяне інтэрвію, была вялікая размова. Ён зрабіў добрае ўражаньне. Я нават зьдзівіўся, што ў Беларусі ёсьць такія дасьведчаныя і адчайныя людзі, якія сябе не шкадуюць і змагаюцца за праўду».

Што да Ганны Канапацкай, то думка Станіслава Шушкевіча пра яе пасьпела памяняцца.

«Калі другі раз Ганну Канапацкую ня вылучыла АГП на парлямэнцкія выбары, я нават ёй паспачуваў. Але пасьля, калі я даведаўся, што яна робіць, пасьля гэтага псэўдазакону, каб «захаваць Лукашэнку на векі вечныя», то ў мяне няма прыстойнага слова, каб яе ахарактарызаваць. Гэта некарэктныя паводзіны. Я спачуваў гэтай жанчыне — прыемная, прыгожая, меркаваньні выказвае, але тут іншае», — кажа Шушкевіч.

«У мяне ёсьць свае думкі, але я хачу паглядзець, што людзі пра іх думаюць, — кажа Шушкевіч пра іншых прэтэндэнтаў у кандыдаты. — Я сябра групы Чэрачня, але шчыра скажу, што падпісваўся ня толькі за яго. Але мой кандыдат — Чэрачань».

«Нармальным чынам выбраць Лукашэнку немагчыма»

Станіслаў Шушкевіч кажа, што цяпер найперш чакае рэгістрацыі кандыдатаў.

«Я чакаю, як будзе сябе паводзіць улада. Яна будзе выбіраць такі сродак, каб Лукашэнку абраць пераважнай большасьцю, — тлумачыць палітык. — А відавочна абсалютна, што ані пра якую ягоную большасьць сёньня нельга гаварыць. Калі за яго подпісы зьбіралі, каля ягонага століка ніводнага чалавека не было. Усё залежыць ад таго, якое рашэньне цяпер прыме так званая ЦВК, які чарговы фарс яна плянуе. Бо нармальным чынам выбраць Лукашэнку немагчыма. Ён не набярэ 50% галасоў ані ў якім разе пры той непапулярнасьці, якую мае ў краіне».

На пытаньне, колькі набярэ лідэр БСДГ Сяргей Чэрачань, Шушкевіч адказвае: «Паглядзім».

«Ён шчыра хоча ўдзельнічаць у палітычным жыцьці. Мне падабаюцца ягоныя небанальныя рашэньні. Буду мець дачыненьне да таго, што будзе рабіць кандыдат ад БСДГ», — кажа Станіслаў Шушкевіч.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру