Група каталіцкіх вернікаў Беларусі абвясціла пра старт кампаніі супраць фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта, якія адбудуцца 9 жніўня. Праз кампанію «Католік, фальсіфікацыя выбараў — гэта цяжкі грэх» ініцыятары спадзяюцца павысіць свядомасць католікаў і данесці інфармацыю пра тое, што фальсіфікацыя, удзел у фальсіфікацыях ці замоўчванне фактаў фальсіфікацый з’яўляецца цяжкім грахом, з якога трэба спавядацца.

— Наша задача — заахвоціць католікаў, якія ўваходзяць у склад выбарчых камісій, выконваць заканадаўства Беларусі і прадухіляць любыя парушэнні, — адзначаюць удзельнікі кампаніі.

У планах — публікацыі адкрытага ліста да католікаў, выказванні святароў і вядомых свецкіх вернікаў, інфармацыя пра навучанні Каталіцкага касцёла пра абавязкі ўдзелу вернікаў у грамадскім і палітычным жыцці, звароты да католікаў, якія ўдзельнічаюць у фальсіфікацыях.

— Кожны католік павінен лічыць галасы шчыра і сумленна. Калі існуюць перадумовы ці страх, што вынік выбараў у камісіі будзе скажацца, католік можа ўзяць самаадвод. Альбо ўдзельнічаць у працы камісіі і інфармаваць адпаведныя органы пра парушэнні ананімна ці публічна, — тлумачаць ініцыятары кампаніі.

Яны адзначаюць, што свядомы ўдзел і згода з несумленнай працай выбарчай камісіі з’яўляюцца саўдзелам і грахом супраць восьмай запаведзі. Яна забараняе фальшывае сведчанне і хлусню. Парушэнне любой запаведзі — гэта грэх, і католік не можа ў гэтым удзельнічаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0