30-гадовая Ганна Толчыкава стала знакамітай мінулай восенню: дзяўчына пайшла ў назіральнікі на парламенцкіх выбарах і працавала на ўчастку, дзе дэпутатам зрабілі Генадзя Давыдзьку. Але сутыкненне з цынічнай рэальнасцю беларускай палітыкі шакавала дзяўчыну. Убачыўшы на ўласныя вочы, як робяцца выбары, Ганна проста расплакалася ад адчаю.

Чытайце таксама:

Айцішніца ўпершыню назірала за выбарамі — і расплакалася ад адчаю ВІДЭА

Назіральніца: На дзве хвіліны выйшла ў прыбіральню, а ў пратаколе з'явіліся 100 выбаршчыкаў

Але ж гэта толькі загартавала дзяўчыну. Сёлета яна з галавою акунулася ў прэзідэнцкую выбарчую кампанію. Толчыкава збірала подпісы ў ініцыятыўнай групе Святланы Ціханоўскай і зноў плануе стаць назіральніцай.

«Наша Ніва»: Сёлета вы збіралі подпісы за Ціханоўскую. Чаму менавіта за яе?

Ганна Толчыкава: Я запісалася да каго магла, у чатыры ініцыятыўныя групы: Бабарыкі, Цапкалы, Ціханоўскай і Губарэвіча. Але мне больш за ўсё сімпатычная пазіцыя Ціханоўскага. У тых, хто гуртуецца вакол Бабарыкі і Цапкалы, іншы падыход, яны думаюць, што дэмакратычным шляхам можна дамагчыся зменаў: прыгожа ў белых кашулях падамо подпісы…

Я гэта перарасла і разумею, што нам патрэбны пратэсны патэнцыял. На гэтай, наступнай прыступцы і стаіць Ціханоўскі, які актывізаваў людзей на адсутнасць страху, на выхад на вуліцу і актыўныя дзеянні. Гэта мне блізка.

І ў Ціханоўскай было мала людзей. Можа, некаторыя баяліся, што будзе горача. Але я была гатовая, таму збірала подпісы ў яе ініцыятыўнай групе.

«НН»: За каго будзеце галасаваць непасрэдна на выбарах?

ГТ: Не буду загадваць пакуль, але за Ціханоўскую, напэўна, калі дапусцяць. Яна сапраўды можа стаць нашым прэзідэнтам, і ў яе ёсць план ператварыць нашу краіну ў парламенцкую рэспубліку. Ува мне гэта адгукаецца.

І гэта было б вельмі сімвалічным жэстам, калі б пасля старшыні калгаса…

«НН»: … стала прэзідэнтам хатняя гаспадыня, якая не разбіраецца ў палітыцы. О так, сапраўды сімвалічна.

ГТ: Гэта б азначала сапраўдныя змены! Я ўсё адно думаю, што Святлана зробіць усё, як трэба, што ёй улада не патрэбная, яна аддасць яе парламенту.

А калі па асабістых характарыстыках, то Бабарыка мог бы стаць рэальным прэзідэнтам. Ён кампетэнтны і ведае, як кіраваць краінай.

Дарэчы, мне спадабалася параўнанне, што са Святланай Ціханоўскай магла б быць такая схема, як у Англіі. Манархія ў нас не атрымаецца, канечне, але такая прадстаўнічая асоба, з прадстаўнічымі функцыямі, чаму не?

«НН»: Дэкаратыўная, карацей кажучы?

ГТ: Ну а што? Ёсць жа краіны, дзе ўлада ў парламента, але ёсць і прэзідэнт. Дык чаму не?

***

«НН»: Падчас збору подпісаў не было праблем, правакацый?

ГТ: Я ладзіла пікет ля ГЦ «Дана Мол», і там два дні запар да мяне падкатваў старшыня Першамайскай выбарчай камісіі.

«НН»: Падкатваў — гэта як? Запрашаў на каву, прасіў тэлефончык?

ГТ: Лепш бы так (смяецца). Ён правяраў нас, не мог знайсці да чаго дакалупацца. У выніку прычапіўся, што ў нас працуюць валанцёры, проста думаў узяць нас нахрапам і нахабствам. А насамрэч паказаў толькі тое, што сам не ведае Выбарчы кодэкс, бо мы нічога не парушалі. Але ён сказаў, што калі памыліўся, то прынясе прабачэнні. Таму, думаю, цяпер трэба знайсці час заехаць да іх у камісію, хай скарыстаецца сваім абяцаннем.

Ну і ў Магілёве да маёй маці прыходзіў участковы пад выглядам «абнаўлення базы», пасля распытваў увесь пад'езд пра нашу сям'ю.

У Магілёве каля нашага пікета амапаўцы проста адкрыта хапалі людзей, накідваліся натоўпам на жанчын, на журналістаў… Але нас не чапалі.

«НН»: Што падштурхнула вас сёлета зноў пайсці ў назіральнікі, збіраць подпісы?

ГТ: Я даўно фарміравала для сябе карціну таго, як працуе наша дзяржаўная сістэма, як працуе сістэма выбараў. Падавала скаргі, хадзіла ў суд, бачыла, як людзей не рэгіструюць… Паступова я пачала разумець, што мы — абсалютна заціснутыя, у звычайнага чалавека няма ніякіх правоў пры сутыкненні з дзяржмашынай. Я разумею, што калі дзяржава вырашыць нешта са мной зрабіць, то я нічым не дакажу сваю невінаватасць. Здаровы сэнс, аргументы, сведкі — усё гэта проста не працуе, калі на цябе паступіла дзяржзамова.

Я бачыла, як у Вярхоўным судзе разбіралі скаргі незарэгістраваных кандыдатаў. І жанчына-пракурор з Генпракуратуры проста адкрыта смяялася і паказвала, што яна мае ўладу і можа рабіць з людзьмі што заўгодна.

Я не магу з гэтым усім жыць. Я хацела б нараджаць тут дзяцей і ведаць, што, калі нешта здарыцца, яны будуць абароненыя. Я хачу ведаць, што чалавек у Беларусі не раб, не бяссільная істота, што ён мае правы.

***

«Наша Ніва»: Увосень паўсюль пісалі, што вы айцішніца з «Епама». Працягваеце там працаваць? Як спалучаецца праца і палітычная актыўнасць?

Ганна Толчыкава: Насамрэч, з гэтым выйшла памылка. Я сапраўды працавала ў «Епаме», але сышла даволі даўно, больш за год таму. Былі прыватныя абставіны, я з’язджала на нейкі час з краіны і таму звольнілася.

Сёння я таксама не працую. Маю магчымасць прысвячаць сябе актывізму, займацца тым, да чаго ляжыць душа.

«НН»: Чуў, што вы займаецеся абаронай правоў жывёл.

ГТ: Так. Грамадзянская ініцыятыва «У адным доме». Мы прыцягвалі да супрацы нават французскі міжнародны фонд, які заснавала Брыджыт Бардо, яна пісала ліст на імя Лукашэнкі. У Беларусі абсалютна негуманны падыход да жывёл. Напрыклад, яшчэ нядаўна бадзяжных сабак проста палівалі вадою і забівалі токам.

Дарэчы, Лукашэнка адказаў на ліст Бардо праз Макея. І паціху заканадаўства ў галіне стаўлення да жывёл пачало змяняцца.

Нашы асноўныя высілкі накіраваныя на бяздомных жывёл. Ад знішчэння трэба ўвогуле адысці. Ёсць такое паняцце — гуманнае рэгуляванне колькасці. Гэта адлоў, стэрылізацыя і выпуск назад. Спосаб правераны, еўрапейскі. Ён рэальна працуе. Наш метад — злавіў, забіў — не працуе.

Ну і трэба ў комплексе працаваць з менталітэтам людзей, каб яны не выкідвалі жывёл на вуліцу. Але гэта ўсё трэба рабіць разам з дзяржавай. І мы кантактуем з Міністэрствам ЖКГ, напрыклад, справа паціху рухаецца.

Але баюся, што калі чыноўнікі, з якімі мы супрацоўнічаем, прачытаюць мае словы пра іх галоўнага кіраўніка, то мяне адразу дададуць у чорны спіс.

«НН»: Атрымліваецца, пасля абароны правоў жывёл вырашылі заняцца правамі людзей?

ГТ: Я іду туды, дзе першапрычыны. Абараняючы жывёл, я пачала глядзець, што прычыны ідуць з законаў, а там кашмар, бо законаў і няма — ёсць пастанова 2001 года. А там толькі: забіваць, забіваць, забіваць. Трэба мяняць погляды і падыход.

Тое ж з выбарамі. Я паглядзела, як працуюць чыноўнікі, іх часам трэба доўга пераконваць, вельмі доўга выцягваць з іх рашэнні. Шмат у якіх чыноўнікаў ёсць проста звычка казаць: «Не!» Звычка адмаўляць: «Як гэта так, мы дазволім? Нельга!» А чаму нельга, часам яны і самі не ведаюць.

Першапрычына гэтага — сістэма кіравання дзяржавай, якую выбудаваў прэзідэнт. Калі вырашым праблему з ім, то і астатняе вырашацца даволі лёгка.

***

«НН»: А раскажыце пра сям’ю. Вы ж з Магілёва, так?

ГТ: Так, я родам з Магілёва, але вучылася ў Мінску, паступіла ў БДУІР на інжынера-праграміста. Тут больш за ўсё на мяне паўплывала мая выкладчыца матэматыкі з магілёўскага абласнога ліцэя, якая сказала, куды мне трэба паступаць. Сама я ўяўленняў пра свет асабліва не мела: мой двор, школа, трэніроўкі і ўсё. У сям’і на нейкія глабальныя тэмы мы асабліва не размаўлялі.

Ну і вось так я 13 гадоў жыву ў Мінску. 2,5 года пасля вучобы адпрацавала ў БДУІРы асістэнтам кафедры. Але ж зразумела, што на дзяржаўнай працы сродкаў для нармальнага існавання ты не атрымаеш, таму прыйшлося сысці ў айці. Але мне вельмі падабалася сама праца ва ўніверсітэце.

«НН»: Калі не сакрэт, які быў заробак? Дацягваў да тых самых «папіццот»?

ГТ: Ну часам выходзіла штосьці каля 450 даляраў, але заробак залежаў ад часу. Напрыклад, летам дыпломы, адпаведна, дадатковая нагрузка, плюс нейкія даплаты як маладому спецыялісту… Але 450 даляраў можна было зарабіць толькі ў самыя загружаныя месяцы, звычайна выходзіла менш.

«НН»: Дарэчы, а падчас працы ва ўніверсітэце не сутыкаліся з прымусамі, загонамі работнікаў ці студэнтаў на «патрэбныя» мерапрыемствы?

ГТ: Не, зусім не. Можа, таму што гэта быў час паміж прэзідэнцкімі кампаніямі, можа, чаму яшчэ, але я з такім не сутыкалася зусім.

«НН»: А хто вашы бацькі?

ГТ: Мама сёння ўжо на пенсіі, раней усё жыццё працавала доктарам. Была фізіятэрапеўтам. Бацька жыве за мяжой. Але мы з ім не вельмі шмат стасуемся.

«НН»: А што мама як доктар кажа пра каранавірус і сітуацыю з ім? Перамаглі «карону»?

ГТ: Я сваю маму вельмі люблю, але ў яе такая пазіцыя… Мама вельмі апалітычны чалавек, які нічым не цікавіцца. А калі ёй расказваеш пра штосьці кепскае, у яе ўключаецца нейкі блок ад рэальнасці. Маўляў, навошта браць на сябе ўвесь гэты негатыў? Яна нібыта жыве ў сваёй частцы рэальнасці, і гэта частка не кепская, але… Напрыклад, тое, што падчас працы галоўны доктар проста крычаў на маму без усякай павагі, гэта яна не звязвае з палітыкай у краіне ў цэлым. А я лічу, што гэта звязана, бо культура кіраўніцтва ва ўсіх бюджэтных арганізацыях у нас будуецца ад самага галоўнага чалавека.

Ну і тое ж у мамы з каранавірусам. Яна на пазітыўнай ноце: усё нармальна, у Магілёве ўсе ў парадку. Выпадкаў пра перапоўненыя бальніцы яна не ведае, лічыць, што гэта ўсё перабольшванні. У яе, хоць мама і доктар, такая пазіцыя: я вірус не бачу, у паветры ж не лятае! Не ведаю, як так у яе атрымалася, для мяне гэта парадокс. Але мама проста жыве шчасліва.

Мама бачыла, як я прыязджала ў Магілёў збіраць подпісы за Ціханоўскую, чула мае фразы «калі не пасадзяць, то…». Я тлумачыла маме, што магу трапіць за краты проста за тое, што раблю абсалютна законныя рэчы. І паціху штосьці пачынае рухацца. Мама пачала заўважаць, што нешта ў краіне не так. Гэта адно з маіх галоўных дасягненняў (смяецца).

 «НН»: Вы былі айцішніцай з добрым заробкам. Пасля, я так разумею, таксама маглі сабе дазволіць асабліва не думаць пра грошы. Навошта было патрэбна ісці ў назіральнікі на парламенцкіх выбарах?

ГТ: Менавіта таму мне было крыўдна, што я жыла нармальна, а народ так не можа. Я бачыла, што дзе-небудзь на Тэнэрыфэ ў крутым гатэлі шмат пенсіянераў з Германіі, Скандынавіі, Англіі — і ніводнага рускамоўнага. А я хачу, каб наша беларуская ці руская мова была чутная ў такіх месцах, каб пажылыя беларусы маглі дазволіць сабе тое ж, што і пажылыя еўрапейцы. Наяўнасць грошай дапамагла мне ўбачыць, што ўзровень жыцця можа быць вышэйшым і беларусы цалкам заслугоўваюць гэтага.

Я не магу радавацца, што ў маёй кватэры ўсё добра, а ўсе вакол намагаюцца выжыць за капейкі. Мы можам жыць лепш.

***

«НН»: Вы былі і на Плошчы-2010?

ГТ: Так. Менавіта гэта мне і расплюшчыла вочы на свет вакол мяне. Мне было 20 гадоў, я пайшла на Плошчу таму, што працавалі Tut.by і «Хартыя», я два гэтыя рэсурсы чытала штодзень. Дзякуючы навінам я пачала паціху разумець, які капец у краіне! Палітыкай я глыбока не цікавілася, але неяк адчувала, што не ўсё ў парадку. Нутро чалавечае ж адчувае, што чалавек у тэлевізары кажа штосьці няправільнае, неразумнае, адчуваеш проста фізічнае адарванне. Сёння я ўжо разумею, што шмат чаго не ведала тады, у кандыдатах увогуле была «ні бум-бум». Галасавала за Раманчука.

«НН»: Пасля сорамна не было?

ГТ: У мяне быў настолькі малы палітычны кругагляд, што за падзеямі пасля Плошчы я пільна ўжо не сачыла. Гэта сёння, калі пасля маіх відэа я пазнаёмілася з Андрэем Саннікавым, прачытала яго кнігу, то пачынаю неяк усведамляць, што тады адбывалася (Ганна атрымала прэмію «Хартыі’97», якую дзяўчыне ўручаў Андрэй Саннікаў — «НН»). І калі я даведалася пра забойства Захарэнкі, адчула сум: колькі мы ўпусцілі! Я адчула глыбокае, тупое расчараванне ад страчаных магчымасцяў цэлай краіны.

А непасрэдна ў 2010-м я гэтага асабліва не разумела. Што былі пасадкі, ціск, што прымушалі людзей агаворваць адно аднаго… Я не ведала.

На Плошчу мы пайшлі кампаніяй студэнтаў, у нас увогуле быў такі актыўны інтэрнат. Убачылі людзей на Кастрычніцкай, памятаю адчуванне ўздыму, якое пасля змянілася злосцю і расчараваннем.

На Плошчы я не трапілася міліцыянтам амаль цудам. Я была за помнікам Леніну і так стаяла, што помнік перакрываў месца, адкуль пайшлі сілавікі. І я ўбачыла, што людзі рэзка рухаюцца ўбок. Я інстынктыўна збегла з прыступак і роўненька за намі выстраіліся амапаўцы, адрэзаўшы людзей. Таму цяпер я разумею, што трэба сачыць за паводзінамі людзей у натоўпе і быць падрыхтаваным да ўсяго. Я спадзяюся, што сёлета грамадзяне будуць неяк лепш падрыхтаванымі да паводзінаў у натоўпе. Трэба тлумачыць людзям, як стаяць, як трымаць ланцуг…

«НН»: Смела. Але любы супраціў сілавікам можа прывесці да некалькіх гадоў у калоніі пасля.

ГТ: Ну… А яшчэ 5 гадоў «яго» кіравання гэта не турма? Такая ж турма.

«НН»: Напэўна, ёсць розніца паміж «такой турмой» і калоніяй узмоцненага рэжыму.

ГТ: А што, усіх пасадзяць? Прычым мы ж маем права на самаабарону. Калі я ведаю, што знаходжуся законна, што адстойваю свае правы…

«НН»: Слухайце, ну мы ж у рэальным свеце жывём.

ГТ: Няўжо тысячы людзей пасля пойдуць пад суд? У 2010 такога ж не было. Так, пацярпелі самыя актыўныя. Ціханоўскі казаў: пасадзяць актыўных, мы гатовыя ўзяць удар на сябе, а вы выходзьце на вуліцы!

«НН»: Але вы — 30-гадовая дзяўчына — самі гатовыя сесці на 4 гады за тое, што сталі адбівацца ад «абдымкаў» амапаўца?

ГТ: Я не хачу думаць, што будзе далей. Я дзейнічаю так: зараз трэба рабіць вось так, і я так раблю. На наступствы трошкі пляваць зараз. І трэба, каб усім стала пляваць. І калі ўсе так зробяць, калі ўсе адкінуць страх, то нас чакае перамога.

А як іншыя людзі перамагалі? Я цікаўлюся пытаннем звяржэння дыктатур у іншых краінах. Паўсюль галоўнае — масавасць і смеласць людзей. Толькі так.

«НН»: Вы казалі, што «наўрад ці ўладу перададуць мірным шляхам». Рыхтуецеся да рэвалюцыі?

ГТ: Не да рэвалюцыі, а да вымушанай меры: выйсці мірна і сказаць пра свае правы, адстойваць іх. Бо колькі гадоў беларусы могуць цярпець і баяцца?

«НН»: Ну людзі выйдуць, пастаяць, скажуць, пасля разыдуцца.

ГТ: Я чую ад лідараў, што патрэба не аднаразовая акцыя, каб гэта адбывалася кожны дзень.

«НН»: Лідары — гэта хто?

ГТ: На вуліцах лідары — бывалыя апазіцыянеры. Галоўны, напэўна, Статкевіч. Ёсць яшчэ Рымашэўскі, таксама чалавек з 2010 года. Я так падазраю, што пакуль ён трымаецца трохі ў цені, каб захаваўся хоць нехта з актыўных лідараў, каб быў хоць хтосьці не за кратамі, хто можа ўзначаліць пратэсты.

«НН»: Пасля 2010 у вас праблем не было?

ГТ: Не, абсалютна ніякіх. Я чула, што некаторых адсочвалі па сім-картах, пасля выклікалі на размовы… У мяне ўсё было добра.

***

«НН»: Увосень вы пайшлі назіральнікам на парламенцкія выбары. Як і чаму?

ГТ: Было цікава. Я ў прынцыпе на шмат якія праблемныя моманты ў Мінску звяртала ўвагу, напрыклад будаўніцтва. Была ў некалькіх такіх чатах, і ў адным з іх таксама быў Юрый Губарэвіч. Ён напісаў, што патрабуюцца назіральнікі. А пасля і Лукашэнка сказаў, што парламенцкія выбары — рэпетыцыя прэзідэнцкіх. Хм, думаю, як цікава! Сышліся фактары, карацей, захацелася паглядзець, як гэта выглядае насамрэч.

Чаканняў у мяне не было ў прынцыпе ніякіх. Я была як чысты ліст, без негатыву, без непавагі да людзей. Нармальны нейтральны чалавек. Таксама я не была настолькі палітызаваная, як сёння — гэта ў мяне ўжо пачалося менавіта пасля парламенцкіх выбараў.

Спачатку, падчас датэрміновага галасавання, я была на адным участку, але мяне адтуль выкінулі. Я хацела выклікаць чалавечыя пачуцці членаў камісіі. Участак быў у дзіцячым цэнтры. У камісіі былі педагогі гэтага цэнтра.

А я прачытала правілы, ведала, што назіральнік можа звярнуцца да членаў камісіі з заявай ці зваротам. І я звярнулася: сказала камісіі, што заклікаю іх падумаць пра дзяцей, якім яны будуць глядзець у вочы, падумаць пра будучыню гэтых дзяцей.

Таксама я заўважыла парушэнні ў першы дзень датэрміновага галасавання і папярэдзіла, што калі будзе тое ж і на другі дзень, то я буду рэагаваць. Па сутнасці, я рыхтавалася ўжо выклікаць міліцыю.

Але старшыня камісіі памылілася ў пратаколе. Яна напісала спачатку праўдзівыя агульныя лічбы яўкі, здавалася, а толькі пасля мы дадумаліся, што пісаць трэба было лічбы за кожны дзень паасобку! То-бок, старшыня камісіі напісала ў першы дзень адны лічбы яўкі, а ў другі дзень — як у першы плюс другі! І гэтыя лічбы залічылі. Пасля мне далі акт, я даводзіла, што ў ім памылкі, праўды не дабілася, мяне выдалілі з участка.

Я звярнулася ў ініцыятыву «Права выбару», і мне паведамілі, што патрабуецца назіральнік на іншым участку. Таму хачу адзначыць, што назіральнікам лепш ісці ад грамадскай кампаніі, бо будзе зручней і будзе добрая каардынацыя.

«НН»: І атрымліваецца, пасля вы трапілі на ўчастак, адкуль і запісвалі відэа?

ГТ: Так. Але там ужо людзі з камісіі проста глядзелі на мяне і размаўлялі са мною нібыта я не чалавек, а цвіль. Такое ўражанне, што яны ненавідзелі і нас, і тых, хто іх саміх паставіў у гэтую сітуацыю. Старшыня камісіі ўвогуле пастаянна была на ўзводзе.

Але ж не назіральнікі ж былі вінаватыя, што гэтыя людзі пайшлі ў камісію за нейкія там мінімальныя льготы ці прэміі. Гэта яны ж самі так вырашылі!

«НН»: Цікава, а як вы сёння ставіцеся да ўсіх гэтых настаўніц, якія сядзяць у камісіях, якія малююць патрэбныя лічбы, можа, і насуперак сваім прынцыпам?

ГТ: У камісіях людзі розныя. Там ёсць тыя, хто ўсё разумее, гэта старшыня камісіі і сакратар. Яны як мафія ў гульні ў «Мафію». Астатнія — «мірныя жыхары». Некаторыя з іх шчыра абараняюць тое, што робяць, яны шчыра лічаць свае бюлетэні і вераць, што няма ніякіх фальсіфікацый. Некаторыя шчыра падтрымліваюць рэжым і вераць, што любыя метады абароны рэжыму — гэта правільна.

Я сустрэла такога назіральніка нават, члена Аграрнай партыі, які шчыра казаў: «А як вы забяспечыце яўку, калі не дапісваць лічбы?»

Некаторыя члены камісій — тыя, каго прымусілі. У іх пазіцыя такая: «я тут быць не хачу, але нічога не магу з гэтым зрабіць, таму як будзе, так будзе». Іншыя — тыя, хто разумеюць, што робяць, і не ў захапленні ад гэтага, але не ведаюць, што можна змяніць. Я гаварыла тэт-а-тэт з такімі людзьмі, яны не хочуць фальсіфікацый, гатовыя дапамагчы выкрыць падман, але не ведаюць як.

«НН»: На вашым відэа з участка вы крычалі камісіі: «Як вам не сорамна!» Але ж ім не сорамна. І сёлета яны зноў намалююць 85%, умоўна кажучы.

ГТ: Некаторым сапраўды не сорамна. Частка членаў камісіі проста сядзела з каменнымі тварамі. Яны стварылі самі сабе такую канцэпцыю, што вось так рабіць правільна, што гэта для чагосьці трэба… 

Але з імі трэба працаваць. Трэба іх дэананімізаваць, каб усе ведалі, хто гэтыя людзі. Патлумачыць, што яны робяць, што гэта злачынства. Бо яны часам не ведаюць, што існуе крымінальны артыкул і можна атрымаць 5 гадоў турмы за выпраўленую лічбу!

«НН»: Зноў жа — усе разумеюць, што нікога з іх не пасадзяць.

ГТ: Сёлета, ведаеце, змены будуць сур’ёзныя, мне здаецца. А калі будуць змены, можа быць люстрацыя, пад’ём усіх матэрыялаў, разгляд іх учынкаў…

«НН»: Вы шчыра верыце, што сёлета ўлада зменіцца?

ГТ: Я лічу, што так. Раней такога не было, як у гэтым годзе. Запыт на змены, уцягнутасць сярэдняга класа ў гэта… У 2010 годзе выйшлі тысячы, калі і блізка не было такіх настрояў у грамадстве, як сёлета. Колькі ж выйдзе у гэтым годзе?

«НН»: А калі пасля выбараў усё застанецца як ёсць? Лукашэнка «набярэ» 80% і застанецца ва ўладзе, Бабарыка з Ціханоўскім пад вартай…

ГТ: Калі беларусы зноў гэта сцерпяць, з’ядуць, праглынуць, працягнуць лічыць сябе «народцам», а не народам — я расчаруюся ў сваіх грамадзянах. Я не змагу проста глядзець ім у вочы на вуліцах, бо проста перастану паважаць гэтых людзей. Таму, калі нічога не зменіцца, я проста з’еду з краіны.

 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру