Віктар Жалабковіч, фота sb.by

Віктар Жалабковіч, фота sb.by

86-гадовы Віктар Жалабковіч пайшоў з жыцця 24 мая

Перад смерцю ён быў у бальніцы, таму хадзілі чуткі, што смерць магла быць выклікана каранавірусам альбо пнеўманіяй, але пацверджанняў тады не было.

У інтэрв'ю Tut.by анестэзіёлаг-рэаніматолаг Ігар Таболіч, што працуе ў 1-й клінічнай бальніцы Мінска, распавёў, што Віктар Жалабковіч быў яго пацыентам.

«У мяне быў пацыент, апошні выжыўшы ў Хатыні. Вельмі адэкватны пажылы мужчына і даволі моцны, ляжаў у нас, у яго быў станоўчы тэст на COVID-19. Потым ён стабілізаваўся, і мы яго перавялі з рэанімацыі, але на працягу тыдня стан зноў пагоршыўся, пасля чаго зноў даставілі да нас, але дапамагчы ўжо не змаглі.

У яго не было цяжкіх захворванняў, ад якіх ён мог памерці ў бліжэйшы час, калі б не каранавірус», — распавёў Ігар Таболіч.

Доктар таксама дадаў, што нейкі час у афіцыйнай статыстыцы смяротнасці па COVID-19 было да пяці памерлых пацыентаў у дзень па краіне.

«Але былі дні, калі толькі ў адной нашай бальніцы паміралі тры-чатыры чалавекі, у якіх мог быць станоўчы вынік тэсту на COVID-19. Часам пасмяротна ў рэанімацыі пацыенту могуць выносіцца два асноўныя дыягназы, бо мы не можам адназначна сказаць, якое захворванне стала прычынай смерці. Мы пішам два дыягназы, і бываюць сітуацыі, калі COVID-19 ідзе другім дыягназам ці ўвогуле спадарожным, а ў статыстыку трапляе першы. Пацыенты з COVID-19 ідуць на ўскрыццё, але не ўсе сваякі хочуць, каб роднага ім чалавека ўскрывалі, яны кажуць, што ім усё роўна, які дыягназ мы напішам», — сказаў Ігар Таболіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0