Дзяніс Дудзінскі ў чарзе каля крамы Symbal.by.

Папулярныя вядоўцы Дзяніс Дудзінскі і Кацярына Раецкая сёлета ня будуць весці «Славянскі базар». Прычынай, як лічыць Дзяніс, стаў пост у сацсетках пра затрыманьні людзей у чарзе да крамы Symbal.by.

Тэлевядоўца Дзяніс Дудзінскі: Вялікі і страшны АМАП, нельга біць дубінкамі людзей

З Дзянісам Дудзінскім пагутарыў карэспандэнт Свабоды.

— Як вы даведаліся, што вас з Кацярынай адхілілі ад вядзеньня «Славянскага базару»?

— Нам патэлефанавала наша любімая рэжысэрка конкурсу Марына Раманоўская, якая заўсёды была за нас, і сказала: «Вось так вось». Уласна, не трэба было нічога далей казаць. Мы ўбачылі званок і зразумелі, што зараз пойдзе размова не пра тое, у якіх касьцюмах мы будзем стаяць на сцэне. Калі мы паднялі слухаўку, то адразу сказалі: «Напэўна, вы нам тэлефануеце адносна…» І там было ўсё зразумела. У мяне гэта быў пятнаццаты год вядзеньня конкурсу, а ў Кацярыны — пяты.

Дудзінскі і Раецкая не будуць весці «Славянскі базар». Вядучы стаяў у чарзе ў Symbal.by

— Для вас гэта вялікае расчараваньне, што вы ня зможаце весьці «Славянскі базар»?

— Шкада, што так атрымліваецца. Але ў любым выпадку як дарослы мужчына здаваў сабе справу, што калі я разьмяшчаю такі пост, то будуць нейкія санкцыі. То-бок усе маюць права на ўсё. Калі я маю права выказаць сваю думку, то нехта мае права не пагадзіцца з гэтай думкай і, канечне ж, адхіліць ад нейкіх дзеяньняў. Усё было зразумела.

— То-бок прычынай быў гэты пост пра затрыманьні ў чарзе да крамы Symbal.by?

— Пра гэта адкрыта не гаварылася. Але мая думка, што, хутчэй за ўсё, так.

— А чаму вы вырашылі напісаць такі пост, выказацца на тэму затрыманьняў?

— Я звычайна выказваюся на тыя тэмы і пра тыя дзеяньні, сьведкам якіх я стаў, дзе я магу адказваць за свае словы і ўчынкі. Мае бацькі жывуць у раёне крамы «Акіян», маці ходзіць гэтай дарогай на рынак. І тое, што адбылося каля крамы Symbal.by, мяне вельмі абурыла. І тое, што я потым бачыў на відэа, і тое, пра што казалі людзі: нельга біць упяцёх аднаго, незалежна ад таго, што гэты адзін робіць. Упяцёх нельга. Ня важна, ты братва з Шабаноў ці ты АМАП, які знаходзіцца ў дадзены момант на службе. Нельга. Нельга прыніжаць жанчыну. Нельга хапаць за рукі сталага чалавека. Гэта нельга рабіць. Гэта мяне абурыла, і, адпаведна, я выклаў такі пост.

— І пасьля гэтага вы яшчэ самі сталі ў чаргу да крамы Symbal.by?

— Так. Справа ў тым, што ў гэтай краме, паколькі яна побач і там ёсьць цудоўная гарбата, я набываў гарбату, і я зразумеў, што мне трэба проста элемэнтарна сваімі вачыма ўбачыць, што і як адбываецца. Я стаў у чаргу і набыў любімую гарбату. І за гэта я ўдзячны гаспадарам крамы.

— Але ад вядзеньня «Славянскага базару» адхілілі і Кацярыну. Яна вас неяк падтрымала?

— Яна, канечне ж, падтрымала, хоць сытуацыя крыху іншая. Каця, як жонка дзекабрыста, як яе назвалі ў сацсетках, пайшла сьледам за мужам.

— Як вы ставіцеся да такіх санкцый, якія былі ўжытыя ня толькі адносна вас, але і адносна Меліціны Станюты, якую адхілілі ад вядзеньня спартовай рубрыкі, адносна вядоўцы тэлеканала АНТ Дзьмітрыя Кахно?

— Ставіцца да гэтага вельмі складана. Любы канал, зразумела, любы працадаўца заўсёды знойдзе прыгожае, граматнае тлумачэньне. Што насамрэч там адбываецца, мы ніколі не даведаемся. Але лічыць усё гэта простым супадзеньнем было б глупствам. Мы разумеем, чаму цяпер вядоўцаў адхіляюць ад эфіраў, чаму адхіляюць вядоўцаў ад працы, чаму выкрэсьліваюць адусюль артыстаў: проста гэта перастрахоўка і на ўсялякі выпадак. Як бы чаго ня выйшла. Як бы гэты чалавек са сцэны ці ў жывым эфіры ні заклікаў, ні выгукнуў лёзунг, ні пачаў агітаваць.

— Як вы думаеце, гэта праява цэнзуры?

— Трэба разумець, што ўсе вядоўцы працавалі на дзяржканалах. І тут дзяржаўны — гэта галоўнае слова. І ты павінен быць гатовы, калі ты хоць бы на адну цалю закранаеш дзяржструктуру, то ў дадзены момант для дзяржтэлебачаньня, дзяржмерапрыемстваў, дзяржканалаў ты становісься чалавекам пад пытаньнем. І кожны вядоўца не павінен крыўдзіцца, ён павінен разумець, што гэта дзяржканал. Калі б ты працаваў не на дзяржаўным тэлеканале — я ня ведаю, ці ёсьць у нас такія, — ты меў бы права казаць усё што заўгодна. А паколькі ты працуеш на дзяржканале, то ў цябе ёсьць два варыянты: альбо ты павінен захоўваць ляяльнасьць і выказвацца ў гэтым духу, альбо ты павінен проста не выказвацца, нават калі ў цябе ўнутры нешта накіпела. Гэта нармальная практыка, я думаю, што такая практыка ў любой краіне. Нельга недзе на тэлеканале ў Аўстраліі сказаць: «Урад, вон, далоў!» Тады ты ня будзеш працаваць на дзяржканале, ты пойдзеш на прыватны. Калі на прыватным канале, які належыць Джону Сьміту, ты скажаш, што Джон Сьміт дрэнны, то ты ня будзеш працаваць на канале Джона Сьміта.

— Дык цяпер вы ня будзеце пісаць падобных пастоў, калі здарыцца нешта накшталт той сытуацыі каля крамы?

— Я буду пісаць. Тое, што я захачу, я буду пісаць, і гэта не залежыць ад таго, што са мной будзе далей. Калі я стану канкрэтным сьведкам нейкай гадасьці, якая адбываецца. Раней я напісаў пост, як у пясочніцу прывезьлі пясок і засыпалі яе разам з усімі цацкамі. Гэта з той жа катэгорыі: калі я гэта бачу, я пра гэта напішу. Калі я ўбачу, што пясочніцу засыпалі, я напішу. Калі я ўбачу, што ў Шабанах дарослыя дзядзькі бʼюць жанчыну, я пра гэта напішу. Калі я ўбачу, што чаргу ў краму разганяюць трактарам, я пра гэта напішу.

— Ці не зьбіраецеся вы пакінуць супрацу зь дзяржаўным тэлеканалам?

— На БТ-1 я працаваў у праграме «Добрай раніцы, Беларусь». Такі фармат праграмы ёсьць практычна ў кожнай краіне. Яна ня мае дачыненьня ні да палітыкі, ні да выбараў, ты працуеш з 6 да 9 раніцы, будзіш людзей, расказваеш пра сабачак, коцікаў, пра пафарбаваныя лаўкі і пасаджаныя клюмбы. Гэтая праца мне вельмі падабалася, найперш таму, што гэта жывы эфір. Па-другое, я вельмі люблю сваю сувядоўцу Святлану Бароўскую, зь якой заўсёды цудоўна працаваць. І якое ў нас у гэтай праграме цудоўнае начальства, якое перажывае і змагаецца за цябе да канца! Мы сябруем даўно, сустракаемся, тусім, ходзім на пікнікі. Гэта заўсёды камфортна, мякка і цікава працаваць. То-бок «Добрай раніцы, Беларусь» — для мяне гэта цудоўная аддушына, нягледзячы на тое, што трэба ўставаць а чацьвёртай раніцы. То-бок цяпер у «Добрай раніцы, Беларусь» я пакуль у адпачынку, са мной не скасавалі кантракт, у мяне не забралі пропуск. Я пакуль афіцыйна ў адпачынку.

— Такія затрыманьні, як вы бачылі каля крамы, былі і раней, людзей зьбівалі… Чаму раней тыя, хто супрацоўнічаў зь дзяржаўнымі тэлеканаламі, не выказваліся, не рэагавалі на такія затрыманьні?

— У кожнага чалавека ёсьць своё пункт кіпеньня. У кожнага чалавека ёсьць вага, дзе на адной шалі твой асабісты пункт кіпеньня, а на другой — твае асабістыя выгоды, і кожны чалавек думае, калі гэта пераважыць. У мяне ёсьць свая справа, я ня думаю, што пераважыць. Я проста выказваюся, чаго б мне гэта ні каштавала, пра тое, што я ўбачыў на свае вочы і супраць чаго я змагаюся.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?