«Прызнанне праблемы выратавала б не адно жыццё», — мяркуе Ігар Таболіч, які працуе анестэзіёлагам-рэаніматолагам у 1-й клінічнай бальніцы Мінска. Ён шчыра расказаў TUT.BY пра досвед двух месяцаў працы ў рэанімацыі з COVID-пацыентамі.

Ігар Таболіч працуе анестэзіёлагам-рэаніматолагам у 1-й клінічнай бальніцы Мінска. Прыкладна два месяцы іх клініка мэтанакіравана прымала пацыентаў з COVID-19. 

Фота: з асабістага архіва доктара

Фота: з асабістага архіва доктара

Ігар Таболіч родам з Рэчыцы, скончыў медыцынскі ўніверсітэт у Мінску, працаваў у медыцынскай роце ў вайсковай часці ў Мар'інай Горцы, з верасня 2019 года — у 1-й клінічнай бальніцы Мінска.

— Пацыенты з COVID-19 мэтанакіравана сталі да нас паступаць з пачатку траўня, але і да гэтага ў нас былі пацыенты з каранавірусам, бо хуткая можа прывезці чалавека з сімптомамі інфаркту міякарда або дэкампенсацыі цукровага дыябету, а на самай справе ў яго COVID-19. Для такіх людзей мы яшчэ да таго, як афіцыйна сталі працаваць у тым ліку і як часткова інфекцыйны стацыянар, арганізавалі невялікі асобны бокс.

Ужо з траўня наша бальніца была падзелена на дзве зоны — «чыстую» і «брудную». І мне здаецца, што ўсё было арганізавана досыць нядрэнна, была наладжана праца. Нам не трэба было праводзіць абмен пацыентаў паміж бальніцамі: калі ў нас па ПЦР-мазку вызначаўся пацыент з COVID-19, мы яго пераводзілі са сваёй «чыстай» зоны ў «брудную». Або пасля таго як пацыента вылечылі, пераводзілі яго ў «чыстую» зону. Мы навучыліся працаваць і, як мне здаецца, працавалі добра.

У нас і рэанімацыі былі і «чыстая», і «брудная». У «брудную « рэанімацыю пастараліся паставіць працаваць больш маладых медыкаў, хто жыве асобна ад родных і, калі што, іх не заразіць, у каго няма хранічных захворванняў. Лекараў старэйшых пакінулі ў «чыстай» рэанімацыі.

Я працаваў у «бруднай». Тым не менш мне здаецца, што ў нас была перавага, таму што мы заўсёды былі пад абаронай. Мы самі сабе зрабілі шлюз, дзе маглі зняць сродкі абароны. Гэта значыць, мы маглі падысці да пацыента цалкам экіпіраваныя, потым сысці ад яго, усё апрацаваць, з сябе зняць і выйсці ў «чыстую» зону праз шлюз. У нашых калег у «чыстай» зоне шлюза не было. Так, яны працавалі ў рэспіратарах або масках з пацыентамі з нявысветленым анамнезам, але гэтага недастаткова для адэкватнай абароны. У выніку ў нас у «бруднай» рэанімацыі на каранавірус захварэла супрацоўнікаў менш, чым у «чыстай».

Фота з асабістага архіва доктара: лекары робяць шлюз перад пачаткам працы з пацыентамі з COVID-19. 

Фота з асабістага архіва доктара: лекары робяць шлюз перад пачаткам працы з пацыентамі з COVID-19. 

У мяне быў пацыент, які трапіў у рэанімацыю з моманту пачатку нашай працы з COVID-19. І пры закрыцці кавіднай рэанімацыі ў канцы чэрвеня я яго перавёў у іншую бальніцу, ён не быў на ШВЛ. У яго быў цяжкі сэпсіс пасля кавіднай пнеўманіі, сам вірус ужо вылечылі, але тое, як арганізм праз яго пацярпеў, не дазваляла яго выпісаць.

COVID-19 — гэта як выбух. І калі выбухоўкі ўжо быццам няма, наступствы засталіся. Сам COVID-19 можа сысці, але пашкоджанні застаюцца, ад іх нікуды не падзецца. У першую чаргу вельмі моцна пакутуюць лёгкія. Нават пацыенты, якія выжываюць пасля цяжкіх пнеўманій, пасля ШВЛ, выпісваюцца з сур'ёзным пашкоджаннем лёгкіх. І да канца незразумела, наколькі лёгкія наогул адновяцца і якая якасць жыцця будзе ў гэтых пацыентаў. Пры гэтым да гэтага часу незразумела, ці ёсць нейкія наступствы для тых, хто перахварэў лёгка.

Да нас паступалі пажылыя пацыенты, якія, наслухаўшыся прапаганды, не верылі ў цяжкасць захворвання. І вось калі ўсё гэта бачыш, разумееш, што можна было перасцерагчы ад заражэння вялікую катэгорыю людзей. Я не прыхільнік строгага каранціну. Паміж строгім каранцінам і адмаўленнем хваробы — прорва.

На мой погляд, можна было ўвесці відавочныя абмежавальныя меры па мерапрыемствах з масавым наведваннем людзей, абавязковы масачны рэжым у грамадскіх месцах, транспарце, сацыяльнае дыстанцыяванне, перавод устаноў на аддаленае навучанне, трэба было больш падтрымліваць групы рызыкі і пенсіянераў. Банальна бясплатна раздаваць маскі, нармальна праводзіць інфармаванне насельніцтва, каб людзі ведалі пра сур'ёзнасць праблемы.

Таму што, калі па тэлевізары кажуць, што ў нас праблемы няма, хварэйце ледзь не на здароўе, то людзі пачынаюць у гэта верыць і забываць пра масачны рэжым, што трэба мыць рукі. Нават сам факт прызнання праблемы і магчымасць гаварыць пра гэту праблему адкрыта выратавалі б не адно жыццё. Гэта маё асабістае меркаванне.

У мяне быў пацыент, апошні з тых, хто выжыў у Хатыні. Вельмі адэкватны пажылы мужчына і даволі моцны, ляжаў у нас, у яго быў станоўчы тэст на COVID-19. Потым ён стабілізаваўся, і мы яго перавялі з рэанімацыі, але на працягу тыдня стан зноў пагоршыўся, пасля чаго зноў даставілі да нас, але дапамагчы ўжо не змаглі. У яго не было цяжкіх захворванняў, ад якіх ён мог памерці ў найбліжэйшы час, калі б не каранавірус.

Па сутнасці, у большасці, хто старэйшы за 30—40 гадоў, я магу знайсці хранічнае захворванне, але з хранічнымі захворваннямі можна жыць і 30, і 40 гадоў. Зразумела, што з імі COVID-19 працякае цяжэй, вірус не дазваляе такому пацыенту лёгка ачуняць, у яго менш рэзерваў для аднаўлення. Але тая ж залішняя маса цела — таксама збольшага хранічнае захворванне, і гэта фактар рызыкі, які ёсць у чвэрці беларусаў, але людзі жывуць, а не паміраюць павальна ад залішняй масы цела.

У нас нейкі час у афіцыйнай статыстыцы смяротнасці па COVID-19 было да пяці памерлых пацыентаў на дзень па краіне. Але былі дні, калі толькі ў адной нашай бальніцы паміралі тры-чатыры чалавекі, у якіх мог быць станоўчы вынік тэсту на COVID-19.

Часам пасмяротна ў рэанімацыі пацыенту могуць выносіцца два асноўныя дыягназы, таму што мы не можам адназначна сказаць, якое захворванне стала прычынай смерці.

Мы пішам два дыягназы, і бываюць сітуацыі, калі COVID-19 ідзе другім дыягназам ці ўвогуле спадарожным, а ў статыстыку трапляе першы. Пацыенты з COVID-19 ідуць на ўскрыццё, але не ўсе сваякі хочуць, каб роднага ім чалавека ўскрывалі, яны кажуць, што ім усё роўна, які дыягназ мы напішам.

З пачатку працы з COVID-19 у нас не было ніякіх абмежаванняў па ПЦР-дыягностыцы на каранавірусную інфекцыю. Мы яе прызначалі, калі лічылі патрэбным, але праз некаторы час ужо павінны былі пісаць вельмі строгія паказанні на правядзенне ПЦР і гэта ўзгадняць.

Калі ў Беларусі фіксавалі па 900 з чымсьці інфіцыраваных у суткі, мы паміж сабой, нефармальна, гэта звязвалі з магутнасцямі лабараторый па тэставанні, вынікі тэстаў нам тады прыходзілі прыкладна на працягу двух сутак, для рэанімацыі гэта быў істотны тэрмін. Але калі тэстаў сталі праводзіць менш, вынік быў ужо гатовы на працягу сутак.

Фота з асабістага архіва лекара

Фота з асабістага архіва лекара

У рэанімацыю з COVID-19, па маіх назіраннях, больш трапляла мужчын, пацыентаў з залішняй масай цела, цукровым дыябетам. Усе фактары рызыкі, апісаныя ў навуковых крыніцах, сапраўды ў пацыентаў былі. Любое хранічнае захворванне зніжала шанцы пацыента на выжыванне. З ШВЛ мы здымалі пацыентаў, але няшмат. ШВЛ — гэта не сродак лячэння, гэта сродак падтрымкі, але калі лёгкае пашкоджанае на 90%, то там дапамагаць дыхаць ужо няма чаму. Былі сітуацыі, калі ўжо апускаліся рукі: апарат працуе на 100%, ты нічога больш не можаш, але пацыент не рэагуе на гэта.

Самым складаным за гэтыя два месяцы працы было ўсведамленне, што многім пацыентам мы не ў сілах дапамагчы. Што б ты ні рабіў, ты абсалютна нічога не зменіш.

Я з тых лекараў, хто атрымаў даплату за працу з пацыентамі з COVID-19, і я атрымаў шмат. Але сітуацыя з даплатамі пасеяла негатыў у калектывах паміж лекарамі і медсёстрамі. Хтосьці атрымаў усё, а хтосьці — не. На мой погляд, гэта няправільна: калі прынялі рашэнне аб даплатах, то даплачвайце менш, але ўсім, хто працуе з пацыентамі наўпрост, а не так, што трэба потым даказваць, працаваў ты з імі ці не.

У канцы чэрвеня аддзяленні для пацыентаў з каранавірусам у нашай клініцы закрылі, і бальніца стала вяртацца да рэжыму працы да пандэміі. У нас рэанімацыя на 18 ложкаў. Нам сказалі на працягу двух дзён «ачысціцца», бо бальніца вярталася да звыклага рэжыму працы. Казалі пра тое, што ўсюды шмат месцаў, але ў рэальнасці ўсё аказалася не так радасна. У першы дзень на свабодныя койкі кавідных рэанімацый іншых бальніц мы перавялі толькі чатырох пацыентаў — самых лёгкіх, без ШВЛ. З астатнімі мы не ведалі што рабіць, месцаў не было.

Па выніку мы вызвалялі аддзяленне амаль тыдзень. Некаторыя не дажылі да пераводу, іншых на свой страх і рызыку паступова пераводзілі на вызваленыя месцы. З трох пацыентаў на ШВЛ, якіх мы перавялі, двое памерлі. Ці паўплываў на гэта перавод, я не ведаю, але сама па сабе гэтая сітуацыя не з тых, якія добра адбіваюцца на арганізме ў цяжкім стане.

Па матэрыяльнай базе мы былі гатовыя. У мяне была толькі адна сітуацыя, калі ШВЛ не хапала і мне прыйшлося перавесці пацыента на транспартны ШВЛ, потым мы знайшлі іншы апарат, перакацілі яго з корпуса і паставілі. Тым не менш праблему віруса ўсё роўна трэба было прызнаць і данесці гэта людзям, таму што і маладыя людзі да 40 гадоў з каранавірусам таксама паміралі, да таго ж можна перахварэць у лёгкай форме, але як гэта адаб'ецца на арганізме, яшчэ невядома.

Як будзе развівацца сітуацыя пасля таго, як некаторыя стацыянары перасталі мэтанакіравана прымаць пацыентаў з COVID-19, мы не ўяўляем. Але цяпер у нас у рэанімацыі зноў адвялі адну палату пад пацыентаў з COVID-19. Ясна, што вірус нікуды не сышоў і ў любым выпадку пацыенты з ім будуць, бо, калі яны паступаюць па хуткай дапамозе, не заўсёды адразу можна высветліць дыягназ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?