Жыхары чатырох сталічных дамоў на вуліцы Мястраўскай у Мінску сёння ўбачылі на сваіх пад'ездах абвесткі з інфармацыяй аб адключэнні ліфтаў з 10 да 17 гадзіны кожны будні дзень.
Чаму? Бо «ЖРЭА Цэнтральнага раёна Мінска ўжо больш за год не кампенсуе забудоўшчыку выдаткі на электраэнергію», — паведамляе жыхарам забудоўшчык «Пекінска-Мінская кампанія па развіцці нерухомасці «БіЮСіСі».
Фота: https://twitter.com/JustFray/
У кампаніі расказалі «Нашай Ніве», што запазычанасць ЖРЭА перад імі большая за 19 тысяч рублёў.
«Гэта даўняя гісторыя. Мы здалі дом у 2013-м годзе, была дамова на кампенсацыю электраэнергіі са ЖРЭА, потым яны зрабілі рэарганізацыю і з'явілася яшчэ ЖКГ, у нас няма дамовы, мы не можам яе падпісаць, просяць дакументы, якіх не існуе ў прыродзе.
У выніку мы, кампанія забудоўшчык, плацім за электраэнергію ў месцах грамадскага карыстання: вузлы, ліфты, падвалы, пад'езды. Але і з людзей за гэта бяруць грошы. Куды яны ідуць? Ну гэта ўжо не мае пытанні», — сказаў вядучы спецыяліст кампаніі-забудоўшчыка Аляксандр Пыко.
Па словах Пыко, галоўнае пытанне для іх — гэта магчымасць перааформіць дамову. Вырашаюць яны яго з мінулага кастрычніка, былі абяцанні і нарады ў адміністрацыі раёна, якія пакуль ні да чаго не прывялі.
У выніку, атрымліваецца, цярпяць людзі. Але колькі яшчэ ліфты будуць адключацца? У «БіЮСіСі» спадзяюцца на хуткае вырашэнне праблемы і адыход ад радыкальных захадаў.
«Ну вось цяпер усе гэта ўбачылі, СМІ звоняць, я думаю, што штуршок будзе і мы вырашым гэтую праблему», — сказаў Пыко.
Каментарый ад ЖРЭА, на жаль, атрымаць не ўдалося — «Нашай Ніве» там толькі пацвердзілі, што не маюць дамоўных абавязкаў з названай фірмай, а каментаваць сітуацыю спецыяліст адмовіўся.





