Грамадзян Кітая папярэдзілі пра невядомую пнеўманію ў Казахстане, «больш небяспечную за каранавірусную інфекцыю», перадае агенцтва КазТАГ.
«Паводле паведамленняў казахстанскіх СМІ, з сярэдзіны чэрвеня захворванне на пнеўманію ў Атырау, Актабэ і Шымкенце значна ўзрасло. На гэты момант інфікавана каля 500 чалавек і больш за 30 чалавек знаходзяцца ў крытычным стане. У першай палове гэтага года ад пнеўманіі памерла 1772. Толькі ў чэрвені загінула 628 чалавек, у тым ліку грамадзяне Кітая. Смяротнасць ад гэтай хваробы нашмат вышэйшая за тую, што ад новай каранавіруснай пнеўманіі», — гаворыцца ў паведамленні на сайце пасольства Кітая ў Казахстане ў чацвер.
Колькасць хворых на пнеўманію ў адной толькі Туркестанскай вобласці Казахстана дасягнула 5500, паведамляе афіцыйнае казахскае агенцтва Казінфарм. У Паўладарскай вобласці за апошнія суткі дыягнаставалі 385 пнеўманій.
Навуковых падстаў сцвярджаць, што маем справу з больш небяспечнай мутацыяй каранавіруса ці інфекцыяй новага тыпу пакуль няма. Магчыма, гаворка проста пра недастаткова добра дыягнаставаныя выпадкі COVID-19.
13 ліпеня ў Казахстане абвешчаны дзень агульнанацыянальнай жалобы па ахвярах каранавіруса.
У Беларусі статыстыка захворвання на пнеўманііі і смерцяў ад іх сёлета стала таямніцай і не публікавалася. Ад медыкаў і чыноўнікаў вядомыя лічбы толькі па асобных гарадах. Так, у Брэсце на піку рэгістравалася да 280 пнеўманій за дзень, у Віцебску — больш за 100. Вядома, што пнеўманіі развіваюцца прыкладна ў 15% носьбітаў каранавіруса.





