У Мінску затрыманы прафесійны атлет-бодзібілдар, фітнэс-інструктар Шота Лабжанідзэ. Пра гэта паведаміў ягоны сябра Андрэй Ткачоў.
«Прыйшлі шэсць чалавек проста ў залу, дзе ён трэніраваўся, паказалі ксіву, надзелі кайданкі і павезлі на бусе, не сказаўшы нават куды!», — напісаў Андрэй Ткачоў на сваёй старонцы фэйсбуку.
Пазней Ткачоў дадаў, што да Шоты паехалі дахаты праводзіць вобшук.
Лабжанідзэ затрымлівалі 19 чэрвеня на праспекце Незалежнасці, калі АМАП разганяў удзельнікаў «ланцуга салідарнасці» і выпадковых мінакоў. Шата сцвярджаў, што сустракаўся ў цэнтры горада з сябрам, амапаўцы проста ўзялі яго пад рукі са словамі «занадта павольна ідзяце».
Да панядзелка 22 чэрвеня ён правёў на Акрэсціна, пасля чаго яго асудзілі да штрафу 540 рублёў.
У пратаколе затрымання было ўказана, што этнічны грузін выкрыкваў лозунгі «Сыходзь!», «Свабоду палітвязням» і супраціўляўся праваахоўнікам.