Мінскага блогера аштрафавалі за ролікі з «правакацыйнымі пытаннямі» міліцыянерам, паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама.
Фота Надзеі Бужан
У міліцыі заявілі, што жыхар Мінска стварыў YouTube-канал, на якім размяшчаў відэа сваіх зносін з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў. Ён падыходзіў да іх з камерай і задаваў «розныя правакацыйныя пытанні», каб атрымаць такія адказы, якія можна было б «трактаваць з негатыўнага боку».
На адным з ролікаў знялі міліцыянера, які ахоўваў грамадскі парадак у цэнтры Мінска падчас святкавання Дня Незалежнасці. Іншае відэа было зроблена ў памяшканні аператыўна-дзяжурнай службы раённага УУС, дзе здымка забароненая.
Блогера аштрафавалі за прычыненне маральнай шкоды. Ён выдаліў ролікі са свайго канала. Грошы міліцыянеры пералічаць у дзіцячы дом.