У нас, журналістаў, усіх супрацоўнікаў рэдакцыі, як і ў Вас, прыхільнікаў свабоды слова, свята: «Народная Воля» адзначае сваё 25-годдзе, піша ў гэтай газеце яе галоўны рэдактар Іосіф Сярэдзіч.

Гэта ж толькі падумаць: ужо чвэрць стагоддзя дэмакратычная ластаўка нясе на сваіх нястомных крылах праўду і справядлівасць, чалавечую годнасць і светлую духоўнасцьверу ў шчаслівую будучыню роднай Беларусі.

За два з паловай дзесяцігоддзі з інфармацыйнага поля знікла мноства незалежных газет. Злыя сілы не аднойчы спрабавалі знішчыць і «Народную Волю». Не ўдалося. Выжыла, выстаяла! Не здрадзіла ні сабе, ні Вам, паважаныя чытачы.

«Народная Воля» была і застаецца вернай свайму галоўнаму прынцыпу — служыць Беларусі, а не нейкім кланам, асобным палітычным гуртаванням, фінансавым магнатам, розным прайдзісветам і балаболам. Для яе няма закрытых тэм, як і недакранальных асоб. На яе старонках знаходзіць гарачую падтрымку ўсё тое, што спрыяе няспыннаму развіццю роднай Беларусі, услаўленню яе гістарычнага шляху, адраджэнню нацыянальна-культурнай спадчыны.

Хачу адзначыць: «Народная Воля» ніколі не была і ніколі не стане таблоідным выданнем з адценнем жаўцізны. Для яе сенсацыйнасць — гэта не публічная дэманстрацыя чужой бруднай бялізны, не фэйкавасць і не тыражаванне амаральнасці і пошласці. Яе арыенцір — здаровыя інтарэсы шырокага грамадства, садзейнічанне ўсяму таму, што ўпрыгожвае чалавечае жыццё, робіць яго больш шчаслівым і радасным.

У гэтыя дні «Народная Воля» здае чарговы экзамен — на прафесіяналізм, на ўсебаковае і аб’ектыўнае асвятленне чарговай выбарчай кампаніі. Яна знаходзіцца ў гушчы тых грамадска-палітычных падзей, якія ўсё больш шырока і больш актыўна разгортваюцца напярэдадні апошняга этапа волевыяўлення народа — галасавання.

Так, беларусам не патрэбны Майдан, беларусам патрэбныя чэсныя, дэмакратычныя выбары! І гэты лёсавызначальны слоган вось ужо каторы тыдзень знаходзіць адлюстраванне на першай паласе кожнага нумара газеты.

Сёння, напярэдадні юбілейнай даты «Народнай Волі», я як яе заснавальнік, выдавец і галоўны рэдактар не магу не згадаць хоць некалькі старонак з біяграфіі нашай агульнай з Вамі, паважаныя чытачы, газеты.

Да якіх толькі рэпрэсій не прыбягалі ў свой час улады, каб спыніць яе выданне ці ў крайнім выпадку паставіць газету на калені! Тройчы на працягу некалькіх гадоў яна вымушана была друкавацца за мяжой — у Літве і Расіі. Душылі шматлікімі штрафамі і міністэрскімі папярэджаннямі, уводзілі забароны на распаўсюджванне газеты праз шапікі і падпіску, арыштоўвалі тыражы. Але як аслу сваімі вушамі ніколі не засланіць сонца, так і нікому не адолець «Народную Волю» ніякімі рэпрэсіямі і тэрорам. І хочацца спадзявацца, што чорныя хмары мінулі, наступнае 25-годдзе газеты будзе больш радасным і шчаслівым. Як і будучыня нашай матухны Беларусі!

Віншую супрацоўнікаў рэдакцыі, актыўных няштатных аўтараў і ўсіх-усіх чытачоў «Народнай Волі» з яе слаўным юбілеем!

Жыве «Народная Воля»! Жыве Беларусь!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0