З аднаго боку, Цэнтральная выбарчая камісія можа карыстацца любымі звесткамі ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў для таго, каб вызначыць, што ёсць істотныя адхіленні ад інфармацыі, пазначанай у дэкларацыі прэтэндэнта ў кандыдаты. Але абвінавачваць без суду ЦВК не можа, заявіў «Свабодзе» юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» і былы адвакат Павел Сапелка.

«У пастанове ЦВК, якая вызначае механізмы, што выкарыстоўвае гэтая камісія для праверкі звестак, выкладзеных у дэкларацыі аб даходах і маёмасці, ёсць шмат палажэнняў, якія супярэчаць прэзумпцыі невінаватасці.

Абвінавачваць без суду ЦВК не можа. Ёсць такое паняцце, як прэзумпцыя невінаватасці. Да суду ніхто не можа абвінаваціць чалавека ў крымінальных злачынствах, назваць чалавека вінаватым і злодзеем.

Да таго ж, як пацвярджае і сама Лідзія Ярмошына, ЦВК не мае дакументаў з замежных кампаній, пра якія яна гаворыць.

Для такой сітуацыі павінен быць зразумелы, просты, празрысты і эфектыўны мэханізм абскарджвання рашэнняў ЦВК у судзе.

У прынцыпе, такое права абскарджвання ў тых, каму ЦВК адмаўляе ў рэгістрацыі, тэарэтычна ёсць. Але бяда ў тым, што прадстаўнікі прэтэндэнта ў кандыдаты сутыкнуцца з суровай рэальнасцю і з тым, што справядлівага і незалежнага суду ў Беларусі таксама няма», — кажа юрыст Павел Сапелка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0