Збіраць можна крышкі ад ПЭТ-бутэлек з-пад напояў, бытавой хіміі і парфумерыі. Потым іх здадуць на перапрацоўку, а атрыманыя сродкі перададуць на патрэбы дзяцей з захворваннямі ЦНС. Спецыяльныя жоўтыя кантэйнеры з прыдуманымі героямі — «крышарыкамі» — можна знайсці амаль ва ўсіх рэгіёнах краіны. Як правіла, яны ўстаноўлены ў гандлёвых цэнтрах, крамах, школах і ўніверсітэтах.

У Мінску іх можна знайсці ў ГЦ «Галерэя Мінск», «Грын Сіці», «Скала», «Аўтлета», у некалькіх супермаркетах «Суседзі» і ў шматлікіх іншых месцах.

Сёлета пашырыць маштабы «крышкавага» збору дапаможа адмысловы грузавік, які адправіцца ў 45 гарадоў і іншых населеных пунктаў Беларусі. І прафінансуе гэтую ідэю кампанія «Кока-Кола».

Усе атрыманыя сродкі пойдуць на рэабілітацыю Маі і Цімафея Гурскіх — двух дзетак з Жодзіна з цяжкімі захворваннямі ЦНС. Маі 15 гадоў, гэта вельмі жыццярадасная дзяўчынка, якая любіць музыку і прыгожыя мясціны. Цімафею — 10, гэта вясёлы і таварыскі хлопчык. У абаіх дзетак сур'ёзныя дыягназы, а выхоўвае іх адна мама. Цяпер яны маюць патрэбу ў чатырох курсах рэабілітацыі: заняткі лячэбнай фізкультурай і масаж замяняюць ім рухомы лад жыцця і не даюць цягліцам атрафавацца. Рэабілітацыю запланавалі на кастрычнік — лістапад, але з-за высокага кошту прайсці яе за кошт уласных сродкаў сям'я не можа. Таму на добрую справу пойдуць усе грошы, якія ўдасца выручыць ад сабраных крышак.

Праект «Новае жыццё ў абмен на крышкі» ўжо дапамог некалькім падапечным з Мінска, Віцебска, Смаргоні і Рэчыцы. Цяпер ў дапамозе мае патрэбу сям'я Гурскіх. Яшчэ адзін важны матыў — клопат пра экалогію: пластык не закопваюць у зямлю, а перапрацоўваюць.

Прыняць удзел у дабрачыннай ініцыятыве можа кожны. Дастаткова не выкідваць крышкі ў смеццевую скрыню, а сабраць і прынесці да найбліжэйшага жоўтага кантэйнера з «крышарыкамі». Калі крышак сабрана шмат ці ёсць жаданне перадаць іх асабіста, то можна падаць заяўку і абмеркаваць механіку з рэгіянальным каардынатарам. Заяўкі на ўдзел прымаюцца па тэлефонах + 375 29 515 23 22, + 375 25 918 66 83 (Наталля), +375 29 335 32 00 (Марыя) і ў афіцыйных групах праекта ў сацыяльных сетках «УКантакце», Instagram, «Аднакласнікі». Крышкі можна збіраць на карысць праекта ў любым горадзе краіны, нават калі ён не акажацца на маршруце грузавіка.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру