Расійскія пранкеры «Ваван» і «Лексус» патэлефанавалі прэзідэнту Польшчы Анджэю Дуду, выдаўшы сябе за генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша.
Яны абмеркавалі з Дудам прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, сітуацыю ў Расіі і каранавірус.
Пасля Дуда ў сваім Twitter пацвердзіў, што размаўляў з пранкерамі.
«Падчас размовы я зразумеў, што нешта не так. Генеральны сакратар не вымаўляе слова zubrówka так добра, хоць і голас быў вельмі падобны», — напісаў Дуда.
У размове Дуда пагадзіўся з тым, што Расія зрабіла вялікі ўнёсак у перамогу ў Другой сусветнай вайне, але дадаў, што «праблема ў тым, што яны і акупавалі нашу краіну пасля Другой сусветнай». Пранкеры ж адзначылі, што Украіна нібыта таксама акупавала некаторыя польскія тэрыторыі.
Пранкеры прапанавалі Дуду «забраць назад украінскія тэрыторыі… Львоў і многія іншыя». Дуда адразу спытаў: «Што, прабачце… Не, гэта ж Украіна! Не, не, не. У Польшчы таксама размоў няма такіх. Цяпер гэта частка Украіны, і на гэтым усё. Не, не, не, такіх дыскусій у Польшчы няма», — падкрэсліў прэзідэнт.
Раней некаторыя эксперты выказвалі меркаванне, што расійскія пранкеры «Ваван» і «Лексус» карыстаюцца дапамогай ФСБ Расіі.





