Рост колькасці перахварэлых на каранавірус не спыніць пандэмію. У Нямеччыне і Паўднёвай Карэі пасля найноўшых даследаванняў антыцелаў пахавалі папулярную канцэпцыю барацьбы з SARS-CoV-2, піша dw.com.

«Канцэпцыю калектыўнага імунітэту можна лічыць праваленай». «Выпрацаваць у грамадстве папуляцыйны імунітэт дэ-факта немагчыма». Гэтыя амаль ідэнтычныя заявы прагучалі з вуснаў палітыкаў адначасова ў Германіі і Паўднёвай Карэі. Катэгарычнасць выказванняў сведчыць аб тым, што ў дзвюх краінах, дзе да гэтага часу больш паспяхова змагаліся з каранавірусам, адбылася істотная пераацэнка метадаў барацьбы з пандэміяй і шанцаў на поспех.

Праўда, у Берліне і ў Сеуле ад самага пачатку не рабілі стаўку на хуткую выпрацоўку калектыўнага імунітэту да COVID-19 дзякуючы вялікай колькасці перахварэлых. Гэтай канцэпцыі адзін час трымаліся ў Лондане і ў пэўнай меры ў Стакгольме. Але магчымасць узнікнення масавай неўспрымальнасці да інфекцыі па меры яе пашырэння і не выключалі. Адгалоскам такога падыходу стала, да прыкладу, нашумелая фраза канцлера ФРГ Ангелы Меркель, якая заявіла ў сярэдзіне сакавіка са спасылкай на эпідэміёлагаў, што заразіцца могуць да 70 адсоткаў насельніцтва.

Але тады навука яшчэ вельмі мала ведала пра асаблівасці новага падступнага віруса. Веды гэтыя растуць літаральна з кожным тыднем, і ў самы апошні час множацца прыкметы таго, што ў інфікаваных SARS-CoV-2 не выпрацоўваўся працяглы імунітэт. Іншымі словамі, яны рызыкуюць, што будуць заражацца зноў і зноў.

Так, навукоўцы лонданскага King's College, якія з сакавіка па чэрвень назіралі за больш як 90 пацыентамі, высветлілі, што канцэнтрацыя антыцелаў у крыві інфікаваных дасягала максімуму праз тры тыдні пасля з'яўлення першых сімптомаў захворвання, а затым хутка — нават імкліва — падала. На піку захворвання каля 60 адсоткаў дэманстравалі моцны імунны адказ, праз тры месяцы яго выявілі толькі ў 17 адсоткаў.

Карл Лаўтэрбах: перахварэлыя на COVID-19 трапляюць у групу рызыкі

Менавіта гэта даследаванне заахвоціла нямецкага палітыка Карла Лаўтэрбаха абвясціць 13 ліпеня ў Twitter фактычны крах канцэпцыі калектыўнага імунітэту. Яго заяву працытавалі многія нямецкія СМІ, паколькі былы доктар, які лічыўся кандыдатам на пасаду міністра аховы здароўя, з'яўляецца вядучым экспертам па медыцынскіх пытаннях парламенцкай фракцыі сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ), а яна ўваходзіць у кіруючую ў ФРГ урадавую кааліцыю.

На думку Лаўтэрбаха, высновы брытанскіх навукоўцаў «не азначаюць, што праз некалькі месяцаў няма ўжо наогул ніякага імунітэту, але ён, верагодна, будзе хутчэй няпоўным». Таму ёсць небяспека паўторных заражэнняў, «прычым ускладненні пасля першай інфекцыі могуць пагоршыць хаду другой. Так што той, хто адзін раз перахварэў, трапляе ў групу рызыкі», — папярэдзіў эксперт. А гэта ўжо поўная супрацьлегласць калектыўнаму імунітэту.

Карл Лаўтэрбах адгукнуўся на публікацыю менавіта брытанскіх навукоўцаў, але ён мог спаслацца і на назіранні дактароў Мюнхенскай клінікі Швабінг, у якой у студзені лячыліся, а з тых часоў назіраюцца першыя ў Германіі пацыенты з каранавірусам.

«Падчас спецыяльнага тэсту, правядзенне якога магчыма толькі ў лабараторыі з падвышанымі ўмовамі бяспекі, мы назіралі зніжэнне колькасці так званых нейтралізуючых антыцелаў у чатырох з дзевяці пацыентаў», — распавёў галоўны доктар аддзялення інфекцыйных захворванняў клінікі Клеменс Венднер.

Антыцелы ў крыві жыхароў Паўднёвай Карэі не выяўленыя

Калі ў Нямеччыне канцэпцыю калектыўнага імунітэту пакуль публічна пахаваў хай і вельмі аўтарытэтны, але ўсё ж асобны палітык, то ў Паўднёвай Карэі, дзе ўжо не раз фіксавалі паўторныя заражэнні, гэта зрабілі на афіцыйным урадавым узроўні. 12 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Сеуле міністр аховы здароўя Пак Нын Ху абвясціў, што выпрацаваць у паўднёвакарэйскім грамадстве папуляцыйны імунітэт дэ-факта немагчыма.

Ён спаслаўся на даследаванне, у якім удзельнічалі 3055 жыхароў краіны, а антыцелы навукоўцы выявілі толькі ў аднаго. Міністр зрабіў з гэтага выснову, што разлічваць на з'яўленне калектыўнага імунітэту пры выпрацоўцы стратэгіі барацьбы з каранавірусам бессэнсоўна. Замест гэтага варта разлічваць на тое, што пандэмія COVID-19 працягнецца яшчэ год-два, да стварэння эфектыўнай вакцыны.

Увесь гэты час прыйдзецца пастаянна стрымліваць пашырэнне інфекцыі, папярэдзіў Пак Нын Ху. Таму грамадству неабходна дасягнуць гарманічнага балансу паміж паўсядзённым жыццём і супрацьэпідэмічнымі мерамі і прызнаць, што суіснаванне з вірусам — гэта цяпер новая форма, новая культура грамадскага жыцця.

«Небяспечная канцэпцыя папуляцыйнага імунітэту»

Карл Лаўтэрбах таксама чакае з'яўлення эфектыўнай вакцыны, але дапускае, што яе дзеянне будзе недаўгавечным. У такім разе, мяркуе ён, прыйдзецца рэгулярна рабіць прышчэпкі. Гэтага не выключае і Кэці Дурс, вядучы аўтар даследавання King's College.

Але пакуль вакцыны няма, ключавое значэнне, падкрэслівае Карл Лаўтэрбах, набываюць меры па прадухіленні інфекцый, у тым ліку сярод маладых людзей. Іх лёс турбуе і вірусолага з Кембрыджскага ўніверсітэта Джонатана Хіні.

Частка жыхароў Вялікабрытаніі, асабліва моладзь, «легкадумна заразілася, паколькі лічыла, што спрыяе тым самым фарміраванню папуляцыйнага імунітэту», — перажывае навуковец. «Я не стамляюся паўтараць, — цытуе Хіні выданне Business Insider, — што нічога добрага ў тым, каб заразіцца гэтым вірусам, няма». Даследаванне King's College Джонатан Хіні называе «яшчэ адным цвіком у труну небяспечнай канцэпцыі папуляцыйнага імунітэту».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0