Журналіст «Радыё Свабода» Антон Трафімовіч учора вечарам вёў жывы рэпартаж ад будынка Цэнтральнай выбарчай камісіі. У раёне Нямігі яго і пазаштатную карэспандэнтку агенцтва «БелаПАН» Віялету Саўчыц схапілі амапаўцы, вызвалілі журналістаў толькі пасля 20-й.

Падчас жорсткага затрымання Антона Трафімовіча моцна ўдарылі ў твар — пайшла кроў: «Мне закруцілі рукі за спінай, засунулі ў рот руку, каб я не крычаў. Пры затрыманні моцна стукнулі па носе. У мікрааўтобусе мяне пасадзілі на падлогу на калені, надзелі кайданкі за спінай, увесь час трымалі галавой уніз. У мяне цякла кроў, але супрацоўнікі міліцыі на гэта не рэагавалі. Уся падлога пада мной была ў крыві, вопратка таксама запэцканая кроўю». 

Сёння міліцыя пракаментавала дзеянні сваіх супрацоўнікаў: 

«Грамадзянін аказаў непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. У рамках адміністрацыйнага працэсу ён быў затрыманы і дастаўлены для разбору ў Заводскае РУУС горада Мінска. Цялесныя пашкоджанні, пра якія паведамляе малады чалавек, былі атрыманыя ім падчас непадпарадкавання», — далі тлумачэнне ў мінскай міліцыі. 

На ўдакладняльнае пытанне, у чым выражалася непадпарадкаванне, прадстаўнік МУС пакуль не адказаў. 

Паводле заканадаўства, затрыманню павінна папярэднічаць здзяйсненне правапарушэння. У там разе міліцыя папярэджвае, што чалавек павінен спыніць парушэнне закона, іначай яго даставяць у РАУС для разбіральніцтва. Калі ж ён працягвае парушаць закон — могуць затрымліваць. У сітуацыі з Трафімовічам прэс-служба МУС не ў стане патлумачыць, што канкрэтна парушаў журналіст. Іх адказ — «замінаў працы міліцыі». Але такога складу правапарушэння няма з заканадаўстве.

Па факце атрымання цялесных пашкоджанняў будзе праводзіцца праверка Следчага камітэта. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0