Фота з Вікіпедыі
У Туркменістане часова закрытыя для наведванняў і пілігрымак мячэці, цэрквы і мусульманскія святыні. Як паведамілі РІА Навіны ў туркменскім Савеце па справах рэлігіяў, гэта «прафілактычная мера процідзеяння распаўсюджванню інфекцыйных захворванняў».
Раней Туркменскія чыгункі абвясцілі, што ў краіне з 16 па 23 ліпеня прыпыняецца рух цягнікоў. Таксама ў шэрагу рэгіёнаў спынена міжгародняе аўтобуснае злучэнне.
Акрамя таго, ва ўсіх рэгіёнах праводзяцца комплексныя дэзынфекцыйныя працы ў сувязі з тым, што ў паветры «ўстаноўлена павышанае ўтрыманне пылавых часціц».
У сталіцы Ашхабадзе таксама зачыненыя рэстараны і кафэ, а па ўсёй краіне ўведзены масачны рэжым.
Афіцыйна ў Туркменістане няма ніводнага зафіксаванага выпадку каранавіруснай інфекцыі. З 6 ліпеня ў краіне знаходзілася дэлегацыя экспертаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. 15 ліпеня на брыфінгу па выніках візіту кіраўнік дэлегацыі Кэтрын Смоллуд пацвердзіла, што ў Туркменіі няма каранавіруса, але дадала, што не можа скідаць з рахункаў магчымасць яго распаўсюджвання.





