Займальна, што за Лукашэнку «топяць» тыя ж Facebook-акаўнты, што і за расейскага дэпутата Леаніда Слуцкага, далучальніка Крыма.

У падтрымку Лукашэнкі ў апошнія пару месяцаў заўважна актывізавалася дзейнасць псеўдаакаўнтаў і ў секцыях каментароў папулярных сайтаў, і ў сацыяльных сетках. На асобныя навіны і нататкі раптам налятаюць дзясяткі і сотні «каментатараў» з аднатыпнымі пастамі.

Так здарылася і з допісам у Facebook беларускага прапагандыста Андрэя Крывашэева пра нібыта рассакрэчаны «суперсакрэтны» дакумент. Пад ім з'явіліся дзясяткі зусім аднатыпных пастоў кшталту «За бацьку!» і «АРЛ па-за канкурэнцыяй!». Дарэчы, на днях стала вядома, што Крывашэеў стаў адной з давераных асоб Лукашэнкі.

Пры бліжэйшым разглядзе аказваецца, што мноства каментароў пад рэзанансным допісам Крывашэева не належыць рэальным людзям — яны з'яўляюцца так званымі ботамі. Яшчэ цікавейшае тое, што самая буйная з груп ботаў, якія арудуюць пад пастом Крывашэева, паслядоўна прасоўвае пасты расейскага дэпутата Леаніда Слуцкага, кіраўніка камітэта Дзярждумы ў міжнароднай палітыцы.

Проста Слуцкі забяспечваў легітымізацыю крымскага рэферэндуму ў 2014 годзе праз прывоз маргінальных еўрапейскіх палітыкаў. А ў мінулым месяцы паўтарыў гэтую місію, забяспечыўшы прыезд у Крым «саліднай дэлегацыі дэпутатаў Еўрапарламента» з нагоды рэферэндуму па папраўках у расейскую канстытуцыю.

На мінулым жа тыдні, напярэдадні сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, Слуцкі заявіў расійскім СМІ: «Расія і Беларусь нават, можа быць, не брацкія краіны і народы, а, як сказаў Аляксандр Лукашэнка некалькі гадоў таму, мы адзіны народ, у сілу гістарычных прычын падзелены дзяржаўнай мяжой». Вось такі цікавы пасыл. Пікантнасці ўсёй гэтай гісторыі дадае той факт, што магістральным пасылам цяперашняй «выбарчай кампаніі» Лукашэнкі з'яўляецца прынцыповая абарона суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.

Возьмем, напрыклад, адзін з зусім нядаўніх Facebook-пастоў Слуцкага (8 ліпеня), у якім гаворыцца пра «звярыны эгаізм» ЗША.

Ён атрымаў больш за сотню шэраў. Сярод іншага, па чатыры шэры — ад ФБ-акаўнтаў Yuriy Harkusha і Алена Козачкіна (так-так, па чатыры — гэта пра «раздзьмутую» папулярнасць допісаў некаторых расійскіх дэпутатаў), тры — ад Ірыны Юр'евай, па два — ад Ганна Весялова і Irina Veselova, шэры ад Уладзіміра Чабана і Sania Smagina.

А вось што кожны з гэтых акаўнтаў напісаў пад пастом Крывашэева:

Агулам аднатыпныя «прыхільнікі Лукашэнкі» пад пастом Крывашэева забяспечылі як мінімум 17 шэраў антыамерыканскаму допісу Слуцкага. Яны ж шматкроць дзяліліся і іншымі нядаўнімі нататкамі расійскага палітыка.

На самай справе, супадзенняў ботаў, якія «працавалі» пад згаданымі пастамі Крывашэева і Слуцкага, нашмат больш. Проста праз налады прыватнасці многія акаўнты, якія падзяліліся допісам Слуцкага, адразу не ідэнтыфікуюцца.

Але многія іншыя псеўдаюзеры, якія як мінімум залайкалі пост Слуцкага (уключаючы акаўнты з такімі рэдкімі імёнамі, як Люда Іліка, Art Gus, Marbela Perez Rengifo) таксама прапіярылі Лукашэнку пад пастом Крывашэева.

Гэтая ж ботаферма, сярод іншага, вельмі занепакоена лёсам Бадзееўскага завода ў Маскве і рупіцца за прасоўванне асобных анлайн-казіно і фотамадэляў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0