Фота Сяргея Гудзіліна
ЦВК паведамляе, што ў адрас камісіі паступаюць шматлікія звароты са скаргамі на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Беларусі Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы.
Цэнтвыбаркам у сваім адказе зазначае, што права на абскарджанне адмоваў у рэгістрацыі маюць толькі асобы, якія вылучаліся ў кандыдаты ў прэзідэнты.
ЦВК таксама не будзе накіроўваць у следчыя органы зварот аб змене меры стрымання асобам, прызнаным палітвязнямі, паколькі не могуць умешвацца ў дзейнасць праваахоўных органаў.
ЦВК падкрэслівае, што не могуць рэгуляваць паўнамоцтвы назіральнікаў, прапановы па якіх утрымліваліся ў зваротах, паколькі яны замацаваныя ў заканадаўстве, а ўвядзенне новых правілаў патрабуе карэкціроўкі Выбарчага кодэкса.
Што да запрашэння міжнародных арганізацый для правядзення экзіт-полаў, у адказе гаворыцца, што для іх працы не патрабуецца запрашэнне ад ЦВК. Сацапытанні, звязаныя з выбарамі, могуць праводзіць арганізацыі, у якіх ёсць акрэдытацыя камісіі па апытаннях грамадскай думкі пры Акадэміі навук.





