Эканамічны суд Менску аштрафаваў 16 ліпеня краму Symbal.by больш як на 2000 рублёў, паведамляе Свабода.
У Эканамічным судзе разьбіралася адразу 3 справы супраць крамы:
- адміністрацыйная справа супраць кампаніі «Сымбаль бай», якая тычыцца перавозкі без суправаджальных дакумэнтаў 416 цішотак «Псіхо3%»;
- адміністрацыйная справа супраць дырэктара кампаніі «Сымбаль бай» Паўла Белавуса, якая тычыцца перавозкі без суправаджальных дакумэнтаў 416 цішотак «Псіхо3%»;
- прэтэнзія МНС аб парушэньні пажарнай бясьпекі і эксплуатацыі кабінэта кіраўніцтва не паводле праектнай дакумэнтацыі.
Паводле галоўнай бухгалтаркі крамы Ксеніі Мілашэўскай, курʼер забыўся на дакумэнтацыю перад выездам. Суд вырашыў аштрафаваць краму на 45% ад кошту тавару — на 1360 рублеў. Дырэктара кампаніі аштрафавалі за тое ж на 675 рублёў.
Наклад саколак каштаваў краме 3022 рубля, агульная сума штрафа за перавозку цішотак без дакумэнтаў — 2035 рублёў.
Праз невыкананьне патрабаваньняў пажарнай бясьпекі і эксплуатацыі кабінэта кіраўніцтва не паводле праектнай дакумэнтацыі МНС настойвае на прыпыненьні дзейнасьці крамы. Наступнае паседжаньне па гэтай справе прызначылі на 27 ліпеня.





