«Цяпер у нас сітуацыя выраўноўваецца і ўсяго ў Брэсце на гэты момант 531 чалавек шпіталізаваныя з дыягназам «пнеўманія». Шмат гэта ці мала? Тыдзень таму было амаль 1 300 чалавек. Тэндэнцыя ўстойлівая, ніякіх пытанняў зараз пакуль няма. Але самазаспакойвацца не трэба», — сказаў кіраўнік Брэста Аляксандр Рагачук на сустрэчы з журналістамі 15 ліпеня.
Яго словы цытуе «Брестская газета».
Рагачук і сам нядаўна перахварэў на Ковід-19.
Раней берасцейскія дактары паведамлялі, што на піку хвалі ў горадзе дыягнаставалі да 280 пнеўманій за дзень.
531 шпіталізаваных на сёння — гэта ўсё яшчэ ў некалькі разоў больш за звычайную для гэтага перыяду года колькасць.
Беларусь — адзіная краіна Еўропы, што закрыла статыстыку пнеўманій. Аднак асобныя кіраўнікі рэгіёнаў і дактары паведамляюць дадзеныя па сваіх гарадах.
Брэст стаў адным з апошніх гарадоў Беларусі, да якіх дакацілася хваля каранавіруса.
Сярод апошніх яго ахвяр тут — выкладчык фізкультуры ўніверсітэта, былы футбаліст «Дынама» Брэст Уладзімір Паўлючык.
Паводле заходняй статыстыкі, пнеўманія развіваецца прыкладна ў 15% інфікаваных каранавірусам.





