Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» выйшлі з ліку давераных асоб Святланы Ціханоўскай.
«Мы даведаліся, што, на жаль, штаб кандыдата ў прэзідэнты не будзе заклікаць да пратэстаў у выпадку працягу рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці і масавых фальсіфікацый», — так тлумачаць сваё рашэнне прадстаўнікі «Еўрапейскай Беларусі».
Раней прадстаўнікі грамадзянскай кампаніі дамовіліся з яе штабам пра сумесныя дзеянні. 13 актывістаў і сяброў «Еўрапейскай Беларусі» сталі даверанымі асобамі Святланы.
Са штабам Святланы Ціханоўскай таксама абмяркоўвалася пытанне яе зняцця з выбараў.
«Без абмеркавання з даверанымі асобамі Святлана Ціханоўская заявіла пра тое, што яна здымацца з выбараў у любым выпадку не будзе і заклікала беларусаў прыйсці на выбарчыя ўчасткі 9 жніўня. Святлана мае на гэта поўнае права, але, на жаль, пра яе рашэнне мы даведаліся толькі са СМІ», — паведамляе кампанія.





