Следчы эксперымент, праведзены ў рамках расследавання ў Расіі крымінальнай справы аб забойстве сям'і апошняга імператара Мікалая II, не пацвердзіў, што целы забітых былі знішчаныя з дапамогай сернай кіслаты, паведаміла старшы следчы па асабліва важных справах пры старшыні СК Расіі Марына Маладцова, піша iz.ru.

У часе расследавання справы быў праведзены шэраг следчых эксперыментаў. Так, следчыя ў памяшканні, падобным па памерах да пакоя ў склепе Іпацьеўскага дома, прайгралі абстаноўку і абставіны расстрэлу царскай сям'і і іх блізкага атачэння. Гэта дазволіла абвергнуць довады шэрагу даследчыкаў аб тым, што ў такім маленькім пакоі не змясціліся б 11 забітых, а таксама ўдзельнікі расстрэлу.

«Іншы следчы эксперымент зняпраўдзіў версію пра тое, што целы забітых знішчылі з выкарыстаннем сернай кіслаты і агню», — сказала Маладцова. Высветлена, што серная кіслата запавольвае працэс спалення целаў.

Следчая паведаміла, што з моманту аднаўлення справы ў 2015 годзе было прызначана 37 судовых экспертыз, у тым ліку судова-медыцынскія (антрапалагічныя), малекулярна-генетычныя, трасалагічныя і почырказнаўчыя.

На падставе экспертыз следства прыйшло да высновы, што парэшткі, знойдзеныя ў 1979 годзе, належаць Мікалаю II, яго сям'і і бліжняму атачэнню. «Тым не менш мы працягваем збіраць матэрыялы і праводзіць усе неабходныя судовыя экспертызы, каб выключыць найменшыя сумневы. Па заканчэнні ўсіх экспертыз іх вынікі будуць ацэньвацца ў сукупнасці», - дадала яна.

Пацвердзіць, што знойдзеныя пад Екацярынбургам парэшткі належаць у тым ліку Мікалаю II дазволіць 3D-мадэль капелюша, які быў на ім у 1891 годзе ў Японіі. Там на будучага імператара быў здзейснены замах: паліцэйскі ўдарыў яго па галаве шабляй. Пашкоджанні на капелюшы, які захоўваецца ў Эрмітажы, супаставяць са слядамі раны на знойдзеным чэрапе.

Мікалай II разам са сваёй сям'ёй і набліжанымі быў расстраляны бальшавікамі ў Екацярынбургу ў 1918 годзе. У 2000 годзе Руская праваслаўная царква прылічыла царскую сям'ю да ліку святых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0