Антон Трафімовіч

Беларускія ўлады перад выбарамі 9 жніўня спрабуюць спыніць наша вяшчаньне і перашкодзіць аўдыторыі атрымліваць доступ да надзейных навінаў, заявіла выканаўца абавязкаў прэзыдэнта «Радыё Свабодная Эўропа»/»Радыё Свабода» Дэйзі Сындэлар.

Перад прэзыдэнцкімі выбарамі 9 жніўня ўлады ў Беларусі затрымлівалі і фізычна нападалі на сотні актывістаў і журналістаў, у тым ліку на пяцёх з «Радыё Свабода». Гэта адбылося ў межах кампаніі агрэсіі з мэтай падарваць дзейнасьць незалежнай прэсы, гаворыцца ў​ заяве карпарацыі «Радыё Свабодная Эўропа»/»Радыё Свабода» (RFE/RL).

Самы жорсткі напад адбыўся 15 ліпеня, калі журналіста Радыё Свабода Антона Трафімовіча затрымалі і зьбілі з удзелам сямі супрацоўнікаў АМАП, якія скавалі яго кайданкамі і прымусілі стаяць на каленях на падлозе міліцэйскай машыны, са зламаным носам даставіўшы ў міліцэйскі ўчастак.

Трафімовіч, пазьней вызвалены без тлумачэньня прычынаў затрыманьня, вёў рэпартаж з цэнтру Менску з акцыі пратэсту супраць адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіяй рэгістраваць кандыдатамі апазыцыянэраў Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу. Сьледчы камітэт Беларусі заявіў, што будзе расьсьледаваць акалічнасьці затрыманьня Трафімовіча.

Днём раней журналістаў «Радыё Свабода» Алеся Пілецкага і Андрэя Рабчыка гвалтоўна затрымлівалі падчас жывой трансьляцыі пратэстаў супраць рашэньня ЦВК і некалькі гадзін пратрымалі ў міліцыі.

Пазьней беларуская служба «Радыё Свабода» атрымала з ананімных крыніцаў аўдыёзапісы, якія даюць зразумець, што за трансьляцыямі Свабоды вядзецца маніторынг і што за журналістамі наўмысна сачылі. Былы беларускі міліцыянт прааналізаваў запісы і пацьвердзіў, што яны сапраўдныя.

Выканаўца абавязкаў прэзыдэнта «Радыё Свабодная Эўропа»/»Радыё Свабода» Дэйзі Сындэлар заявіла з гэтай нагоды:

«Як сьведчаць аўдыёзапісы, гэта разьлічаныя, узгодненыя напады на прафэсійных журналістаў — журналістаў, якіх акрэдытавала Міністэрства замежных справаў Беларусі».

«Тое, што на нашых калегаў напалі пасярод жывога эфіру, не пакідае ніякіх сумневаў, што ўлады спрабуюць спыніць нашае вяшчаньне і перашкодзіць аўдыторыі атрымліваць доступ да надзейных навінаў».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру