Другія суткі браты-айцішнікі Віктар і Аляксандр Куўшынавы, якія выпадкова сустрэліся ў аўтазаку, сядзяць у ізалятары на Акрэсціна, піша Tut.by.

Так затрымлівалі Аляксандра Куўшынава. Фота: Вадзім Заміроўскі, Tut.by

Першай слухаюць справу беларускамоўнага Аляксандра Куўшынава, ён працуе ў IT-кампаніі Gurtam. Аляксандр знаходзіцца ў ізалятары, адкуль яго апытваюць па скайпе.

Аляксандр кажа ў судзе, што ўвечары 15 ліпеня прыехаў на плошчу Незалежнасці, каб падаць скаргу ў Цэнтрвыбаркам, які адмовіў у рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкалу. Калі ЦВК зачыніўся, мужчына на веласіпедзе паехаў дадому, але паколькі АМАП загарадзіў пешаходную частку, ён сам пад'ехаў да міліцыянтаў, каб спытаць, ці можа ён прайсці прама.

— Адзін супрацоўнік пагадзіўся, але потым камандзір АМАПа сказаў «Забіраем!», і мяне на ровары паднялі ў аўтазак, шляхам паветранага пералёту, — патлумачыў Аляксандр. — Ніякага супраціву пры транспартоўцы мяне не аказваў. Я на ровары знаходзіўся, так разам з ім і ўзляцеў. Нікога з супрацоўнікаў АМАПа рукамі я не чапаў.

Першапачаткова сведкі-амапаўцы, якія затрымлівалі Аляксандра, сцвярджалі, што ўзялі яго на вуліцы Мяснікова, 26 (гэта будынак Міністэрства фінансаў), аднак феерычнае затрыманне трапіла ў аб'ектыў фотакамер, на здымках добра відаць, што байцы нясуць на руках Куўшынава на ровары, а за спінай — плошча Незалежнасці, побач — гасцініца «Мінск» (гэта праспект Незалежнасці, 11). Гэта значыць, што адлегласць паміж названым у пратаколе месцам затрымання i сапраўдным месцам затрымання — 1,5 кіламетра. Інцыдэнт паспелі зняць на відэа, відаць, што сведка пытаецца, «за што затрымалі, ён жа проста спытаў, як праехаць».

Як супрацоўнікі АМАПа тлумачаць такое несупадзенне? Высветліць у судзе гэтага не ўдалося.

У матэрыялах справы проста змянілі адрас, цяпер Аляксандра Куўшынава затрымалі на праспекце Незалежнасці, 11, то-бок каля гатэля «Мінск».

Суддзя выпісаў Аляксандру Куўшынаву 10 сутак арышту, дома застаецца яго жонка і чацвёра дзяцей.

Таксама сёння будуць разглядаць справу ягонага брата Віктара. Яго затрымлівалі тыя ж амапаўцы, што і Аляксандра. Віктар знаходзіўся каля Галоўпаштамта, але ў пратаколах быў таксама пазначаны адрас Мяснікова, 26.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру