Руслан Ушакоў — падпалкоўнік Ваеннай акадэміі, адзін з першых вайскоўцаў, які захварэў на каранавірус. Ушакоў два тыдні правёў на штучнай вентыляцыі лёгкіх, быў у коме, за яго лёсам сачыла ўся вайсковая супольнасць сталіцы.

Чытайце: 40-гадовы падпалкоўнік Ваеннай акадэміі на ШВЛ. Жонка абураецца фэйкамі ў інтэрнэце

Насуперак прагнозам Руслан адужаў, вярнуўся да службы і нават ўсміхаецца. «Наша Ніва» папрасіла яго расказаць, як гэта ўсё было. Ён пагадзіўся. 

Руслан Ушакоў. Калі прыгледзецца, то пад каўнерам бачны шрам — гэта ад апарата ШВЛ.

Руслан Ушакоў. Калі прыгледзецца, то пад каўнерам бачны шрам — гэта ад апарата ШВЛ.

Руслан адчуў, што захварэў, 25 красавіка. Гуляў з дзецьмі пасля абеда, як раптам адчуў, што пачынае гарэць — градуснік паказаў за 39!

«Спачатку думаў пра звычайную прастуду, маўляў: саб'ю тэмпературу і ўсё будзе нармальна. Але не збівалася. У панядзелак ужо выклікалі доктара, а той прыйшоў без абароны, без нічога, выпісаў уколы. Але на наступны дзень жонка настаяла на тым, што трэба ў шпіталь», — расказвае вайсковец.

Усё развівалася імкліва. У 432-ы галоўны ваенны клінічны медыцынскі цэнтр узброеных сіл Ушакоў трапіў 28 красавіка, праз тры дні пасля першага ўздыму тэмпературы. 

А 29 красавіка, выходзіць, яго ўжо ўвялі ў кому і падключылі да ШВЛ.

«Калі я прыехаў, думаў, што ну максімум кропельніцы будуць ставіць, а праз тыдзень паеду дадому. Сур'ёзнасць сітуацыі я не разумеў, — кажа Ушакоў. — Я нават не ведаў значэння слова «сатурацыя». Ну нешта на палец чаплялі, мералі, там лічбы былі 93, 92, 90… Але гэта ў кіслароднай масцы. Потым памералі без яе і ўсё — доктар сказаў пераводзіць у рэанімацыю. Але я гэта ўжо слаба памятаю, ведаеце, вельмі моцна хацелася спаць. Я гляджу на гэтых людзей перада мной: доктар, санітаркі, я адзін раз міргаю, потым другі… І ўсё, яны знікаюць, наступны раз я іх убачыў 8 мая». 

Вайсковец кажа, што ў коме яму запомніліся толькі белыя плямы перад вачыма, якія часам разбаўлялі цемру — нібыта перад заплюшчанымі вачыма ўключалі і адключалі ліхтарык. Больш нічога.

«Калі раскатурхаўся — перада мной стаіць доктар. Кажа: «Буду задаваць пытанні, гаварыць вы не можаце, ківайце галавой «так» ці «не» або паказвайце рукамі». А я не зразумеў, пачаў гаварыць, а атрымлівалася толькі «хрррхрр» — трубка ў горле. Я ж не ведаў, што са мной адбылося. Гэта мне яны патлумачылі, колькі дзён я быў у коме», — кажа Ушакоў.

Вельмі высока вайсковец адгукаецца пра дактароў і санітарак. 

«Усё магчымае рабілі, а дзяўчаты-санітаркі — медыкі з вялікай літары. Мяне падтрымлівалі, усё рабілі — гэта ж і ў туалет трэба неяк і іншае», — дзякуе Ушакоў.

На ШВЛ афіцэра трымалі ажно да 14 мая. Першы час яго асцярожна кармілі праз шпрыц, потым ён спрабаваў есці сам у моманты, калі адключалі апарат для трэніроўкі ўласных лёгкіх. 

Кажа, што работы ШВЛ не адчуваў — падстроіўся пад яго.

«Першыя дні я быў вельмі-вельмі слабы, рукі трэсліся, трэніроўкай было проста падымаць іх. Недзе 14 мая ўпершыню напісаў жонцы па вайберы: «Прывітанне, любая». Яна адказала, што я малайчына, скінула фота з дзецьмі. Я тады яшчэ не ведаў, што яны таксама хварэюць. Але яны лёгка перанеслі. А таксама ўсе іх вельмі падтрымлівалі: прадукты прывозілі, грошы пералічвалі. Падтрымка была», — кажа Ушакоў і дадае, што зрабіў важную выснову пасля гэтай гісторыі. 

Ушакову 41 год, ён намеснік начальніка ваенна-метадычнага аддзела Ваеннай акадэміі. 

Ушакову 41 год, ён намеснік начальніка ваенна-метадычнага аддзела Ваеннай акадэміі. 

«Усвядоміў, што самае галоўнае — сям'я. Мяне як перавялі на рэабілітацыю, дык тады першы раз пачаў думаць пра смерць, што мог і не выкараскацца. Стала страшна, што калі б не выжыў — каму б былі дзеці патрэбныя? Важней за сям'ю нічога няма! Раней неяк прасцей ставіўся, як да натуральнага, а цяпер як да самага дарагога», — рэзюмуе Руслан.

Таксама ён за час хваробы скінуў 16 кілаграм, прыняў рашэнне правільна харчавацца і не закідваць спорт.

Але дзе заразіўся, так і не зразумеў: кажа, мо ў грамадскім транспарце, мо ў краме. 

«Але я ж раней ніякіх правілаў бяспекі і не выконваў, а цяпер вось стаў насіць маску. І думаю, што ўсё магчымае трэба рабіць, каб не захварэць. Берагчы сябе і блізкіх. Выконваць усё, пра што гаворыцца адусюль: трэба насіць маскі, мыць рукі, трымаць дыстанцыю», — кажа Ушакоў. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?