Суддзя Ларыса Барэль у судзе Ленінскага раёна 17 ліпеня прысудзіла гарадзенцу Сяргею Калмыкову 30 базавых велічынь штрафу (810 рублёў) па артыкуле 23.4 (Непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі). Па іншым артыкуле, у якім абвінавачваўся гродзенец, 17.1 (Дробнае хуліганства), яго апраўдалі, піша Hrodna.life.

Адміністрацыйны працэс у дачыненні да Сяргея Калмыкова пачаўся яшчэ 17 чэрвеня. Сведкі — супрацоўнікі АМАПа Сяргей Клыжук і Алег Лычагін — распавялі, што 29 мая Калмыкова затрымлівалі ў сувязі з сітуацыяй, якая адбываецца на Савецкай плошчы. Спачатку ў судзе яны тлумачылі, што Калмыкоў падаўся ім удзельнікам падзей і пры затрыманні супраціўляўся і лаяўся нецэнзурна. У той дзень суддзя не вынесла прысуд і адправіла матэрыялы справы на дапрацоўку.

17 ліпеня пасля перапынку працягнуўся разгляд адміністрацыйнай справы Сяргея Калмыкова. Усіх сведкаў апытвалі ў судзе нанова. Сведкі — супрацоўнікі АМАПа — у гэты раз ужо сказалі, што не чулі, каб Калмыкоў лаяўся матам. Жонка абвінавачанага Ірына Калмыкова таксама на судзе была ў ролі сведкі. Яна распавяла, што Сяргей не супраціўляўся і не лаяўся пры затрыманні. Але новыя паказанні дапамаглі апраўдаць гродзенца толькі па адным артыкуле — 17.1 (Дробнае хуліганства).

«Абараняўся як мог, але ўсё адно вінаваты, — кажа пасля суда Сяргей Калмыкоў. — Я прывёў усе доказы сваёй невінаватасці, запрасіў сведкаў, але ўсё роўна мяне караюць за непадпарадкаванне пры затрыманні. Вельмі непрыемна, калі за такое даюць штраф 30 базавых велічынь. Я не ведаю, што рабіць далей — аспрэчваць ці не. Але грошай на штраф у мяне такіх пакуль што няма».

Калмыкова аштрафавалі на 30 базавых велічынь (810 рублёў) па артыкуле 23.4 (Непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі).

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру