Адзін з пралукашэнкаўскіх тэлеграм-каналаў апублікаваў імёны і даты нараджэння 48 чалавек, затрыманых у Мінску падчас акцый салідарнасці. На большасць з іх складзеныя пратаколы за «непадпарадкаванне законнаму патрабаванню» альбо «парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў». Аднак у спісе згадваюцца і два чалавекі, на якіх завялі крымінальныя справы.

31-гадовы Антон Шумаў — той самы хлопец, што паспрабаваў умяшацца ў затрыманне мірнага дэманстранта ў рэстаране KFC. Ён пабег да групы амапаўцаў, але нават не паспеў узяць удзел у канфлікце — яго скруцілі адразу.

Спачатку Шумава аштрафавалі на 945 рублёў, а пасля яшчэ і завялі крымінальную справу па артыкуле 364 («Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»). Магчымае пакаранне — ад арышту да пазбаўлення свабоды на тэрмін да 6 гадоў.

Яго сястра Святлана Ігараўна Шумава абвесціла збор грошай на адваката. Рахунак можна папоўніць без камісіі праз АРІП: Банкаўскія, фінансавыя паслугі — Банкі, НКФА — Альфа-Банк — Папаўненне рахунка — BY35ALFA30144599360010270000.

Калі застануцца грошы, Святлана Шумава абяцае аддаць іх праваабаронцам.

Апроч таго, заведзена справа па артыкуле 342 — за «актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Яе фігурант — 20-гадовы Уладзімір Хамічкоў. На старонцы «УКантакце» пазначана, што ён студэнт МІУ. Падрабязнасці яго затрымання пакуль невядомыя.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру