37-гадовы Арцём Карнейчык быў затрыманы 14 ліпеня, падчас пратэстных акцый у цэнтры Мінска.

Арцём — начальнік аддзела продажаў у кампаніі, якая займаецца пастаўкамі спецвопраткі і касцюмаў для рабочых. Фірму заснавалі бацькі, цяпер ёй і яшчэ адной кампаніяй займаюцца Арцём разам з братам Кастусём.

Дарэчы, яшчэ ў самым пачатку эпідэміі каранавіруса фірма братоў перадавала касцюмы спецабароны і рэспіратары ў бальніцы і дамы састарэлых.

А цяпер адзін з братоў адбывае 10 сутак за «непадпарадкаванне міліцыі».

Кастусь, брат Арцёма, на акцыі не быў, бо паехаў да бацькоў — яны на самаізаляцыі за горадам, ён павёз ім прадукты. А Арцём пайшоў. Яго затрымалі, закінулі ў аўтазак.

«Мы ішлі па плошчы насупраць Цырка. Проста ішлі. Не свісталі, не пляскалі ў далоні. Проста спыніўся аўтазак побач — нас забралі. Мы не чакалі такога, але супраціўляцца не сталі, — распавёў «Нашай Ніве» Аляксей, сябар Арцёма. Іх разам затрымалі 14 ліпеня. —

У аддзяленні мы 6 гадзінаў стаялі ля плота. Пасля мяне адпусцілі, Арцёма пакінулі.

Падчас затрымання і на тэрыторыі АУС мы не казалі ні слова, не супраціўляліся, бо разумелі, што могуць быць праблемы з-за любога глупства.

Чаму Арцёма пакінулі ў міліцыі, я не ведаю.

Мы наогул ішлі ўтрох. Тады ўзялі нас дваіх, нашага трэцяга сябра — не. Але яго пасля затрымалі на Нямізе.

Логікі няма».

16 ліпеня суд Савецкага раёна разглядаў яго справу. Прысуд быў стандартны: нібыта Арцём Карнейчык упіраўся нагамі ў асфальт пры затрыманні. Яму далі 10 сутак.

Сувязь з Арцёмам падчас пасяджэння была па відэа. Суддзя прыняў рашэнне і сышоў, не выключыўшы камп’ютар.

Адзін з прысутных на судзе кажа, што паспеў зазірнуць у манітор, і яму падалося, што ў Арцёма былі ацёкі на твары і сінякі пад вачыма — такія, якія бываюць пры зламаным носе. Калі гэта так, то збілі яго ўжо пасля затрымання. Бо ў аўтазаку і аддзяленні міліцыі ў Карнейчыка ўсё было нармальна, твар цэлы.

У той жа дзень сям’я сабрала перадачу Арцёму. І праблемы займеў яго брат Кастусь.

Ён прыпаркаваў машыну каля варот. Праз нейкі час пад’ехалі даішнікі, склалі на яго пратакол, Кастусь пагадзіўся, што парушыў ПДР: штраф 2 базавыя.

Але пазней яму пазваніў інспектар ДАІ: маўляў, вы там недзе не распісаліся, трэба пад’ехаць у міліцыю Маскоўскага раёна.

Кастусь пад’ехаў. Выйшаў даішнік, сфоткаў нумар кузава яго машыны пад лабавым, дастаў рапарт пра тое, што нібыта ён падазроны. Машыну пакінулі на РАУС на «праверку». Цяпер чакаюць экспертызу нумара кузава.

Пікантнасці гісторыі дадае тое, што Арцём і Кастусь — сваякі былога міністра інфармацыі, дэпутаткі Ліліі Ананіч. Яна стрыечная сястра іх матулі.

Праўда, адносіны з Ананіч у іх не вельмі блізкія. Вядома, што па дапамогу да дэпутаткі яны не звярталіся.

Цяпер Арцём адбывае суткі, Кастусь чакае, пакуль яму аддадуць машыну.

Чытайце таксама: 

Лілія Ананіч — гісторыя настаўніцкай дачкі з пушчанскага краю

Дэпутатка Ананіч: Нельга верыць у аб'яднанне выпадковых спадарожніц, якія прымяраюць німб Ефрасінні Полацкай

Лілія Ананіч пра фільм Нехты: Паліваць брудам прэзідэнта недапушчальна!

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру