Яна Марсалека шукаюць цяпер ці не найбольш ва ўсім свеце. Нямецкая кампанія Wirecard, якой ён кіраваў, у мінулым месяцы абвалілася пасля таго, як аўдытары звярнулі ўвагу на дзірку ў балансе ў памеры 2 мільярдаў еўра. 40-гадовы грамадзянін Аўстрыі Ян Марсалек, які лічыцца ключавым звяном ашуканскай схемы, бясследна знік. Сайт даследчыкаў Bellingcat піша, што ён вылецеў у Беларусь.

Улады Германіі і Аўстрыі шукаюць Яна Марсалека па абвінавачванні ў махлярстве і растраце.

Акрамя таго, следчыя высветлілі, што расійскія іміграцыйныя запісы і звесткі, якія захоўваюцца ў ФСБ Расіі, сведчаць пра тое, што расійская спецслужба даўно цікавілася Марсалекам, які выкарыстаў некалькі розных пашпартоў, у тым ліку дыпламатычны пашпарт трэцяй краіны для наведвання Расіі дзясяткі разоў за апошнія 15 гадоў.

Марсалек таксама выхваляўся, што ў яго была поўная формула яду «Навічок», якім атруцілі Скрыпалёў.

Калі Марсалек стаў падазраваным у афёры, ён не стаў чакаць арышту і паляцеў з Нямеччыны. У гутарцы з былым калегам, Марсалека спачувальна спыталі, ці знаходзіцца ён у «палітычна стабільнай абстаноўцы». Марсалек засмяяўся, сказаўшы: «Не хвалюйцеся, ва ўладзе адны і тыя ж людзі апошнія 25 гадоў».

Даследнікі разгледзелі запісы аб перасячэнні межаў Беларусі (тэхнічна Беларусь і Расія маюць агульную знешнюю мяжу, г. зн. база даных адзіная). Журналісты знайшлі адзін запіс Яна Марсалека: яго ўезд у Беларусь на прыватным самалёце быў зарэгістраваны ў першыя хвіліны 19 чэрвеня 2020 года. Паводле памежных звестак, ён не пакінуў краіну пасля гэтага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0