Фота радыё «Свабода».

Фота радыё «Свабода».

У Дзяржынску праходзіць першы агітацыйны пікет у падтрымку Святланы Ціханоўскай. Яна прысутнічае там разам з Марыяй Калесьнікавай і Веранікай Цапкалай, піша радыё «Свабода».

На пляцоўцы для агітацыі кандыдатку і прадстаўнікоў штабоў Бабарыкі і Цапкалы чакалі сотні людзей. «Тройцу» сустракалі песьняй «Стены рухнут».

У сваім выступе Святлана Ціханоўская зазначыла, што ўлады не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу, бо спалохаліся.

«Яны ўбачылі пагрозу для ўлады, але яны не зразумелі, што пагроза не ў кандыдатах, а ў самім народзе, якому надакучыла жыць у прыніжэньні і страху», — выказалася кандыдат у прэзыдэнты. Святлана заўважыла, што яе муж — вядомы блогер Сяргей Ціханоўскі, «разбудзіў беларусаў, якія ўжо ня вернуцца ў зручны для ўлады сьпячы стан».

Яна распавяла, што Сяргей Ціханоўскі ў сваіх паездках па Беларусі даведаўся ад людзей пра іх «няпростае жыцьцё, карупцыю, бяспраўныя суды». «Ім хацелася людзьмі звацца, і Сяргей стаў надзеяй на перамены для многіх, надзеяй на новую Беларусь — свабодную і заможную краіну».

«Улада спалохалася праўды, пачаліся затрыманьні, рэпрэсіі, запалохваньні. Сяргея пасадзілі ў турму. У нашай сям'і адзін за ўсіх і ўсе за аднаго, і таму я прыняла рашэньне падтрымаць Сяргея і зарэгістравацца замест яго. Гэта быў няпросты крок, але калі падчас збору подпісаў я ўбачыла шматлікія чэргі, гэта дало мне шмат сілаў. І я вырашыла, нягледзячы ні на што, ісьці далей, і толькі наперад. Бо я адчула адказнасьць за ўсіх тых людзей, якія, як і Сяргей, хочуць перамен», — расказала Святлана Ціханоўская.

Марыя Калесьнікава: «Не бойцеся аўтазаку. Гэта проста машына»

На пікеце ў Дзяржынску выступіла Марыя Калесьнікава — прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі. Яна нагадала, што сапраўдная сіла і ўлада — у руках народу. Прысутныя пачалі скандаваць: «Пераможам!».

Прадстаўніца штабу заўважыла, што за апошнія два месяцы ніхто не пазнае Беларусь, бо яна зьмянілася, прачнулася. «Ужо не чуваць такіх фразаў, што «нічога ня зьменіцца», мы можам зьмяніць! Мы стаміліся ад гэтага вэрхалу, падману, гэтага драндулету, які развальваецца, мы раззлаваліся канчаткова!», — выказалася Марыя Калесьнікава.

Яна падкрэсьліла, што цяпер фіксуецца кожная адпіска ад чыноўнікаў, кожны падман і фальсыфікацыі. «Чыноўнікі, судзьдзі цяпер пакідаць сьляды, як ніколі раней. Мы працягваем паказваць сваю нязгоду. Мы, грамадзяне, жывём па законе, а ўлада — па гвалце. Не бойцеся аўтазаку — гэта проста машына. АМАП — гэта ўсяго толькі людзі», — выказалася прадстаўніца штабу.

Яна зазначыла, што цяпер трэба зрабіць выбар: сядзець дома перад тэлевізарам і «Славянскім базарам», — «праводзячы нашу апошнюю надзею на свабоду», ці ісьці наперад, «выкладацца, змагацца і выканаць мару апошніх двух дзясяткаў гадоў».

Вераніка Цапкала заклікала прыхільнікаў перамен прыходзіць на выбары зь белым бранзалетам на руцэ

Вераніка Цапкала распавяла на пікеце пра розныя ініцыятывы, якія перашкодзяць уладзе сфальсыфікаваць выбары. Напрыклад — белы бранзалет. «Белы — гэта колер жыцьця, свабоды, нечага новага. Хто будзе зь белым бранзалетам — гэта значыць, той супраць улады», — патлумачыла Вераніка Цапкала.

Яна заклікала людзей ісьці на выбары 9 жніўня і галасаваць за Сьвятлану Ціханоўскую, а таксама прыняць актыўны ўдзел у назіраньні. «Чым больш будзе нас, народу, тым цяжэй уладзе будзе зрабіць фальсыфікацыю.

Трэба, каб нас было больш на ўчастках, чым іх, і каб ім цяжэй было зрабіць фальсыфікацыю. Удзельнічайце ў ініцыятыве «Сумленныя людзі». Мы запусьцілі ініцыятыву «Хакатон». І цяпер больш за 200 грамадзян, таленавітая моладзь, удзельнічаюць у хакатоне, працуюць над тым IT-рашэньнем, якое дапаможа не сфальсыфікаваць выбары», — распавяла Вераніка Цапкала.

Белыя стужкі на руках, онлайн галасаваньне і фота зь бюлетэнем. Як змагацца з фальсыфікацыямі

Прадстаўнік плятформы назіраньня «Сумленныя людзі», накіраванай на правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў, Ільля распавёў пра кампанію і некаторыя прапановы назіральнікаў, што рабіць, каб пазьбегнуць фальсыфікацый на выбарах:

  • Галасаваць толькі ў асноўны дзень выбараў, 9 жніўня, у другой палове дня, бо калі нехта прыйдзе і пабачыць сваё прозьвішча ў журнале тых, хто ўжо пра галасаваў, «камусьці давядзецца за гэта адказваць». Датэрміновае галасаваньне — «самае вялікае поле для фальсыфікацый».
  • У дзень выбараў прыходзіць на выбарчы ўчастак зь белай стужкай ці белым бранзалетам на руцэ, каб назіральнікі маглі пабачыць і падлічыць тых, што выступае за сумленныя выбары.
  • Галасаваньне онлайн: 22 ліпеня на сайце «Сумленных людзей» павінен зьявіцца сэрвіс, які дазволіць усім жадаючым прагаласаваць онлайн, а ў дзень выбару — можна будзе сфатаграфавацца зь бюлэтэнем і таксама даслаць на гэты сэрвіс.
  • Ісьці ў назіральнікі: прадстаўнік кампаніі заклікаў усіх ісьці ў назіральнікі за выбарамі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0