Украінец, які захапіў аўтобус з 20 закладнікамі ў горадзе Луцк, аказаўся выхадцам з Расіі. Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку намеснік міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка.

Максім Крываш (сам ён назваўся Максімам Плахім) нарадзіўся ў 1975 годзе ў пасёлку Гай Арэнбургскай вобласці. Ён быў двойчы судзімы і ў сукупнасці правёў у месцах пазбаўлення волі каля 10 гадоў, дадаў Герашчанка. Цяпер ён жыве ў Ровенскай вобласці.

Крываш утрымлівае закладнікаў ужо шэсць гадзін, на месцы перыядычна чуюцца стрэлы. На кантакт з праваахоўнікамі ён не ідзе. Паводле яго слоў, ён замініраваў пасажырскі аўтобус і нібыта заклаў бомбу ў «яшчэ адным месцы».

Ён мае некалькі судзімасцяў, у тым ліку за разбой, махлярства, вымагальніцтва і незаконнае захоўванне зброі. Акрамя таго, вядома, што раней ён знаходзіўся на псіхіятрычным лячэнні і нават паспеў напісаць кнігу «Філасофія злачынца».

Тэрарыст патрабуе ад кіраўнікоў судоў, міністэрстваў, пракуратуры, парламента, цэркваў запісаць і выкласці ў YouTube заявы пра тое, што менавіта яны — тэрарысты ў законе. Вядома, што ён выкарыстоўвае тэлефоны закладнікаў для распаўсюджвання сваіх патрабаванняў.

Сярод закладнікаў — жанчыны, 15-гадовае дзіця, а таксама цяжарная. Сам тэрарыст сцвярджае, што ў аўтобусе шмат людзей.

Цэнтр Луцка перакрыты і абясточаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0