Паэт, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, былы палітвязень Уладзімір Някляеў у размове з «НН» падзяліўся сваім бачаннем палітычнай сітуацыі ў краіне.

Уладзімір Някляеў. Фота Надзі Бужан

Уладзімір Някляеў: Стаўка на ўсеагульнае галасаванне — што праз яго пратэснае грамадства атрымае большасць і патопіць рэжым — мне здаецца не самым лепшым сюжэтам. На мой погляд, гэта проста не можа спраўдзіцца.

Яны спадзяюцца, што новыя тэхналогіі змогуць перашкодзіць фальсіфікацыі выбараў, але ў ярмошынаўскай адладжанай сістэме гэта проста немагчыма. Па сутнасці, ужо існуюць лічбы, якія атрымае Лукашэнка і астатняя брація, іх паведаміла БТ. Такое было і ў 2006, і 2010 годзе. Ніякіх сумневаў, што такое самае будзе і гэтым разам.

Мне ад пачатку бачыўся сцэнар з адзіным кандыдатам, а дакладней з Паўлам Севярынцам, які б заклікаў людзей на Плошчу. Але гэты варыянт не спрацаваў, і не толькі па віне ўладаў, але і апазіцыі, якая заваліла гэтую ідэю.

Статкевіч заняўся ідэяй з сотняй кандыдатаў пратэсту, але паколькі гэты сюжэт ужо быў скарыстаны на парламенцкай кампаніі, то рэжым быў гатовы да яго. Тады мне падаліся актуальнымі два сюжэты: заклік да пратэстаў супраць фальсіфікацый і подласці на гэтых выбарах, а калі не знойдзецца мужны чалавек да такога сцэнару, то тады зняццё ўсіх кандыдатаў, у тым ліку і спойлераў. Я ім даводзіў, што нічога добрага ад улады не будзе за гэта спойлерства.

«НН»: Вы з імі размаўлялі?

УН: Рабіў спробу пагаварыць з Дзмітрыевым. Мне неабыякава, як будзе выглядаць кампанія «Гавары праўду». Людзі, больш аддаленыя, мне менш цікавыя, і мне менш за іх баліць. Пасля таго, што адбылося з «Гавары праўду» ў 2015 годзе, мне хацелася, каб усё ж да кампаніі вярнулася добрае імя. Я казаў Дзмітрыеву, што ён атрымае 3% і яго мары заняць нейкае месца ва ўладзе не спраўдзяцца.

«НН»: Канапацкая ж на нешта разлічвае.

УН: Ну дадуць ёй, можа, дэпутацкую цацку, але нічога больш. Калі б яны зняліся ўсе і пакінулі Лукашэнку ў адзіноце, то гэта быў бы моцны ўдар па нашым аўтарытарызме. Як даводзіць сусветны досвед, то такіх удараў, пакідання ў адзіноце, аўтарытарызм не вытрымлівае. І вось тады яны маюць перспектыву застацца не толькі ў палітыцы, але і ў найноўшай беларускай гісторыі.

«НН»: Ціханоўская вам падабаецца?

УН: Яна слаўная дзяўчына.

Яна ўзяла эстафету ад свайго мужа не па папярэдняй дамове, а сама прыняла рашэнне. Я тады падумаў, што ў гэтай дзяўчыны ёсць нешта такое, што не заўважна адразу пры першым поглядзе. Ёсць у яе стрыжань, не кожны чалавек на такое здольны. А потым да яе падцягнуліся яшчэ дзве прыгожыя і разумныя дзяўчыны.

Я падумаў: гэта ж класны літаратурны сюжэт. Ёсць моцны мужык, якога рэжым саджае ў турму, і ратаваць яго кідаецца жонка. Нешта падобнае было і ў маім жыцці, тады мая жонка Вольга кінулася мяне ратаваць.

Яна раніцай 20 снежня пабегла па пасольствах, склікала прэс-канферэнцыю, пра гэта ўжо троху забыліся. Але дзякуючы ёй быў сусветны розгалас. Яна штодня хадзіла, яе палохалі, пагражалі, але яна працягвала. Слухала з каменным тварам і працягвала сваю працу.

Гэтыя тры жанчыны, якія выступаюць як прадстаўнікі сваіх мужчын, звярнуліся б да беларусаў: «Станьце вы нарэшце мужыкамі, колькі гэта будзе цягнуцца? Дапамажыце нам, выйдзеце разам з намі, скіньце гэты рэжым». Пасыл быў бы не толькі літаратурна, але і палітычна моцным. Але пакуль што яны прыдумалі толькі галасаванне.

«НН»: Шмат хто разгублена глядзіць на такую прапанову.

УН: У нас ужо хутка вайсковая дыктатура будзе. Глядзіце, ён едзе ў Брэст — сустракаецца з вайскоўцамі, у Віцебск — з вайскоўцамі. Ён застрашвае, што будзе кроў. Калі мы выйдзем усе, а не купка герояў, то ніхто не адважыцца ні біць, ні тым больш страляць. Пры агульным супраціве адбудзецца пераход улады.

«НН»: Рэвалюцыйная сітуацыя ўжо саспела?

УН: Выступае рэстаратар Пракоп’еў, больш за мільён праглядаў. Хай палову з гэтых людзей выйдзе, і ўсё — канец. Гэта і ёсць рэвалюцыйная сітуацыя. Не вырашаюць лёсы краіны інэртныя людзі, вызначаюць пасіянарыі. І іх дастаткова на сёння. У 2010-м пасіянарыяў не хапіла, тым больш у 2006-м, а сёння — ёсць. Проста трэба тэхналагічна прадумаць, як гэта зрабіць.

«НН»: Калі вас запросяць у штаб, дапаможаце кандыдатцы?

УН: Канечне. Чаму не? Яны ж за тое самае, за што і я. Бачаць толькі троху па-іншаму.

Калі прыходзіш на новае месца, то псіхалагічна ўспрымаеш, што раней былі толькі няўдачнікі, а я такі круты і разумны, зраблю ўсё, што яны не змаглі. Гэта было і ў мяне, гэта ёсць і ў іх.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру