Уладзімер Навумік

Уладзімер Навумік

Гарадзенца Ўладзімера Навуміка, які праходзіць па «справе Ціханоўскага», нечакана выпусьцілі зь СІЗА 9 ліпеня. Ён расказаў «Свабодзе», у якіх умовах жыў месяц за кратамі, як падтрымліваў вязьняў Сяргей Ціханоўскі і чаму ня так проста зламаць чалавека ў няволі.

Пайшоў па торт, зайшоў на плошчу

Уладзімера Навуміка затрымалі 29 траўня на пікеце ў Горадні разам з блогерам Сяргеем Ціханоўскім і паплечнікамі. Яму 36 гадоў, жанаты, ёсьць 6-гадовая дачка. Працуе ў дзяржаўнай арганізацыі інжынэрам.

Па ранейшай вэрсіі жонкі Віталіі, у той дзень муж пайшоў па торт для дачкі пасьля выпускнога ў дзіцячым садку. У сям’і пытаньняў палітыкі ніколі не абмяркоўвалі. Куды мог зьнікнуць муж, Віталія здагадалася толькі на наступны дзень, як пачытала навіны. Пакуль Уладзімер сядзеў, жонку напужала камісія з садка, што могуць забраць дзіця.

Уладзімер застаўся фігурантам «справы Ціханоўскага». Ён абвінавачваецца ў «арганізацыі або падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або ва ўдзеле ў іх» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу), а таксама падазраецца ў гвалце ў дачыненьні да міліцыянтаў (артыкул 364 КК).

Затрымалі, «бо здымаў»

Як расказаў Уладзімер, 29 траўня ён сапраўды ішоў па торт, але зайшоў на Савецкую плошчу, каб, магчыма, паставіць свой подпіс за Сьвятлану Ціханоўскую, паслухаць людзей і самога блогера, а таксама пагаварыць зь Ціханоўскім, калі будзе магчымасьць. Перад пікетам бачыў некалькі ролікаў Ціханоўскага, падабалася, што той даваў простым людзям «адкрыты мікрафон».

Па словах гарадзенца, на пікеце ён трымаўся збоку ад натоўпу. Калі пачалася цісканіна, перайшоў праз дарогу і пачаў здымаць усё на тэлефон. У нейкі момант яго падхапілі пад рукі людзі ў цывільным, зацягнулі ў мікрааўтобус, паклалі на падлогу, нехта наступіў каленам яму на галаву. На пытаньне, за што яго схапілі, яму адказалі: «Бо здымаў».

Уладзімер прызнаецца, што першыя тры дні быў у шокавым стане. Найбольш перажываў, што родныя ня ведаюць, дзе ён. У горадзенскім аддзяленьні міліцыі бачыў, як чалавеку з каманды Ціханоўскага стала блага, ён пачаў губляць прытомнасьць. Урэшце яму выклікалі «хуткую», лекары выявілі сур’ёзныя праблемы з сэрцам. Ягонага імя і далейшага лёсу Ўладзімер ня ведае. Мэдычная дапамога спатрэбілася і каардынатару ініцыятыўнай групы Ціханоўскай Зьмітру Фурманаву — пашкодзілі вуха.

Ён чуў, як пасьля затрыманьняў амапавец размаўляў па тэлефоне з жонкай і злаваўся, што ў гэтую ноч ня прыйдзе дахаты.

«Дастанеце, як у гэтых фільмах, рыдлёўкі — ямы капаць?»

Пасьля горадзенскага ізалятара Навуміка без тлумачэньняў перавезьлі ў менскі ізалятар на Акрэсьціна. Перад выездам яго «павесяліў дзядзька, які крычаў на плошчы ў рупар», які пры затрыманьні бясстрашна сварыўся на міліцыянтаў (сябра Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Салянік. — РС). Ехалі бусам разам зь яшчэ адным затрыманым па «справе Ціханоўскага» Яўгенам Разьнічэнкам. Іх суправаджалі мужчыны ў кепках і спартовым адзеньні. Ехалі моўчкі.

Адзін з самых напружаных момантаў здарыўся на сярэдзіне трасы М6, калі мікрааўтобус павярнуў у лес.

«У мяне такі шокавы стан, кажу: «Ну што, дастанеце, як у гэтых фільмах, рыдлёўкі — ямы капаць, ці што?» Ён мне нешта такое адказаў: «Яшчэ рана». Спыніўся, адчыніў дзьверы: «Хто пойдзе? Хто ў прыбіральню хоча?» Я адказаў: «Не, не пайду, пацярплю да Менску», — успамінае Ўладзімер.

На Акрэсьціна ён сядзеў у адзіночнай камэры. Было вельмі холадна, дазволілі спаць у адзеньні і накрывацца дзьвюма коўдрамі. Есьці тамтэйшую ежу было амаль немагчыма: выдавалі макарону суцэльным камяком, кіслую капусту. Чуў, што ў камэры насупраць сядзеў яшчэ адзін фігурант «справы Ціханоўскага» Сяргей Калмыкоў, якога першым выпусьцілі на волю. Той адмаўляўся есьці два дні, а яго ўгаворвалі, маўляў, «як ты далей будзеш змагацца?» Было чуваць голас Ціханоўскага.

«Ціханоўскі ў ізалятары часовага ўтрыманьня таксама крычаў сваім басам, песьні сьпяваў, за сьцяной было чуваць: «Разбуры турмы муры». Уздымаў баявы дух… Калі на трэці дзень нас павялі ў душ, ён крычаў, што пакінуў шампунь у душы. Хто хацеў, мог карыстацца. Нам далі толькі кавалачак гаспадарчага мыла. Гэта была радасьць схадзіць у душ з гэтым пахучым шампунем», — расказвае Ўладзімер.

Як выжыць у зьняволеньні

Умовы ў камэры на Валадарскага аказаліся «досыць добрыя». Уладзімеру адразу выдалі чыстае адзеньне з «общака», пакармілі. Сядзелі разам 22 чалавекі. Спалі на трох’ярусных нарах. Унітаз і ўмывальнік былі агароджаныя. Там можна было мыцца халоднай вадой. Карцэр не такі страшны, па словах Уладзімера. Некаторыя былі рады туды трапіць, бо можна было адпачыць ад люднай камэры, да таго ж там было прахалодна, а камэра — душная, перагрэтая.

Многія сядзелі за наркотыкі і махлярства. Навумік пасябраваў зь лекарам зь міжнародным досьведам працы, які расказаў, як ня страціць здароўе ў турэмных умовах.

Правілы ягоныя былі простыя:

  1. Выпіваць ня менш за 4 літры чыстай вады ў дзень.
  2. Харчавацца правільна: ня есьці кашы з маргарынам, то-бок усе кашы, якімі кормяць. Інакш моцна псуецца печань і сэрца.
  3. Займацца спортам.
  4. Ня лаяцца матам, бо адно нецэнзурнае слова замяняе шмат іншых словаў, мозг у выніку пачынае горш працаваць.
  5. Вучыць мовы, вершы, чытаць кнігі, каб прымушаць мозг працаваць.

Ёсьць яшчэ некалькі правілаў, якія арганізуюць супольнасьць у закрытай прасторы: «не перашкаджай нікому» і «захоўвай асабістую гігіену».

Па словах Уладзімера, да яго ў СІЗА паставіліся нармальна, як і да іншых. Кепскае стаўленьне там толькі за гвалт, але і тады ў чалавека ёсьць шанец апраўдаць сябе.

Пра Ціханоўскага там амаль ніхто ня ведаў. Навіны з волі трапляюць або празь дзяржаўныя газэты, тэлеканалы, або разам з тымі, каго новага саджаюць. Цэнзура не выпускае зь СІЗА лісты пра палітыку, каранавірус. Да самога Навуміка першы ліст ад родных прыйшоў на 20-ты дзень. Большасьць лістоў прыйшлі на ягоны хатні адрас ужо пасьля вызваленьня.

Навумік мяркуе, што зламаць чалавека ў няволі ня так проста. Праўда, адміністрацыя можа аб’яднаць усю камэру супраць аднаго чалавека — прыкладам, або ён будзе даваць паказаньні, або ўсю камэру неяк пакараюць.

Наконт інфармацыі пра «нізкі статус» Ціханоўскага Навумік мяркуе, што толькі словам адміністрацыі зьняволеныя не паверылі б.

«Ёсьць другі варыянт, што Ціханоўскі ня будзе ведаць, у якую камэру яго накіравалі. Ён будзе вітацца, піць гарбату, размаўляць зь людзьмі зь «нізкім сацыяльным статусам». У турме лічыцца, што тады ты сам становісься такім жа. Але калі ты ня ведаў, то ўсё адмяняецца», — тлумачыць Навумік.

«Беларусь стане свабоднай»

Пакуль Уладзімер сядзеў, да ягонай жонкі прыходзіла камісія з садка, аглядалі ўмовы, разважалі, ці не паставіць сям’ю ў «сацыяльна небясьпечнае становішча». Віталія спужалася, што ў іх забяруць дачку. Уладзімер мяркуе, што ціснуць празь дзяцей — нізка. Ён прыгадаў, што непаразуменьні з загадчыцай у яго зьявіліся адпачатку, бо ён не хацеў здаваць наяўныя грошы на патрэбы садка без дакумэнтаў.

«Яны шмат на сябе бяруць», — разважае пра пазыцыю кіраўніцтва садка Ўладзімер.

У СІЗА Ўладзімер ня ведаў, што зь ягонай працай. Калі вярнуўся, яго падтрымалі і калегі, і кіраўніцтва. Асуджэньня ў вочы ніхто ня выказаў. Калегі дапамагалі матэрыяльна жонцы, а потым і яму самому. Звальняць яго не зьбіраюцца.

Палітвязень кажа, што зьняволеньне зьмяніла ягонае стаўленьне да сям’і, свабоды, часу, які варта цаніць. Ён пачаў цікавіцца палітыкай.

«Беларусь стане свабоднай — ад хлусьні, ад гэтага ўсяго. На выбарах будзе тое самае. Я ніколі ў палітыку ня лез. А цяпер і сваякі, сябры, людзі на працы глядзяць усё, што адбываецца, што ў Менску адбывалася. Я таксама не глядзеў столькі. А цяпер гляджу ў Telegram, яшчэ недзе», — разважае Ўладзімер і кажа, што цяпер ужо нічога не баіцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?