Фота СК

Фота СК

21 ліпеня ў Гальшанах (Ашмянскі раён) адбылася трагедыя: пяском засыпала двух хлопчыкаў 11 і 12 гадоў, якія гулялі ў невялікім кар'еры на ўскраіне пасёлка. Зараз Следчы камітэт праводзіць праверку, піша Tut.by.

 Па словах мясцовых жыхароў, хлопчыкі — стрыечныя браты.

«Дзеці не мясцовыя, не гальшанскія. Прыехалі на лета да бабулі. Дзеці як дзеці. Бегалі, гулялі. Адзін з Ашмянаў, другі — з Маладзечна», — распавядаюць мясцовыя жыхары.

Месца, дзе здарылася трагедыя, знаходзіцца за 200 метраў ад завулка Ляснога, што на ўскраіне Гальшан. Тут і знаходзіцца той кар'ер, дзе засыпала хлопчыкаў. Праўда, у мясцовым сельсавеце кажуць, што гэта хутчэй проста яма, дзе мясцовыя жыхары бралі пясок.

— Ды і тое, там пясок-плавунец і не падыходзіць для будоўлі, напрыклад. Учора да самай ночы на месцы працавалі спецыялісты розных ведамстваў: і пракуратура, і Следчы камітэт, — кажуць у сельсавеце.

Паводле інфармацыі МНС, яма, дзе адбылася трагедыя, зусім невялікая. Яе памер 5 на 6 метраў, а глыбіня — 1,5 метра.

Паводле звестак следства, увечары 21 ліпеня двое хлопчыкаў 11 і 12 гадоў гулялі ўнутры катлавана, які ўтварыўся пасля забору пяску мясцовымі жыхарамі. Калі дзеці знаходзіліся ў яме, абрынуўся грунт — хлопчыкі былі засыпаныя пяском. На месца прыбылі ратавальнікі, яны дасталі дзяцей, але выратаваць не ўдалося.

Мясцовыя жыхары распавядаюць, што хлопчыкаў выявіў адзін з вяскоўцаў, які праходзіў міма. Дакладней, ён заўважыў дзіцячы абутак і абвал пяску, а потым выклікаў ратавальнікаў.

— Дзеці там, здаецца, ля бакавой сценкі ямы капалі нешта, нібы выемку. Тады пясок і абсыпаўся. Іх знайшлі, напэўна, не адразу. Дома іх да таго часу не было гадзіны дзве, — распавядаюць мясцовыя жыхары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0