Аляксандар Лукашэнка шукае падставы, каб спыніць працу журналістаў Радыё Свабода ў Беларусі, заявіла выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Дэйзі Сындэлар.

Гэткім чынам Дэйзі Сындэлар адрэагавала на сёньняшняе выказваньне Аляксандра Лукашэнкі, у якім ён заклікаў міністра замежных спраў Уладзімера Макея «выдвараць з краіны» журналістаў, якія нібыта «заклікаюць да масавых беспарадкаў».

«Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода адмаўляе абуральнае абвінавачваньне, зробленае прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, як магчымую падставу, каб спыніць нашу дзейнасьць за тое, што мы «заклікаем да беспарадкаў», — сказала Дэйзі Сындэлар. — Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа ня робіць нічога падобнага — наадварот, нашы журналісты самі сталі ў апошнія дні ахвярамі неабгрунтаваных затрыманьняў міліцыяй і гвалту за тое, што проста выконвалі сваю працу».

Дэйзі Сындэлар дадала:

«Абвінавачаньне Лукашэнкі спрабуе дэманізаваць і сказіць ролю незалежных СМІ ў Беларусі, якія паведамляюць пра поўны спэктар падзей, зьвязаных з выбарамі прэзыдэнта 9 жніўня. Мы цьвёрда намераныя працягваць нашу важную працу для народа Беларусі і асуджаем выкарыстаньне афіцыйнымі асобамі неабдуманай рыторыкі і пагроз, якія ставяць пад удар нашых журналістаў».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру