У перадвыбарчы час па ўсёй краіне адбываюцца сустрэчы з кандыдатамі ў прэзідэнты — прынамсі з тымі, хто збіраецца пазмагацца за перамены (як Ціханоўская) ці дзеля прыстойнасці хаця б імітуе барацьбу (як Дзмітрыеў). Лукашэнка традыцыйна ў такіх сустрэчах не ўдзельнічае: не царская справа. Замест яго «ў людзі» запускаюць давераных асоб.

Такую сустрэчу правёў 23 ліпеня тэлевядучы Андрэй Крывашэеў. Ён сустракаўся з мінскімі выбаршчыкамі ў школе №141 на Ангарскай. Журналіст «Нашай Нівы» паназіраў за працэсам.

У актавай зале школы сабралася каля 40 чалавек. Большасць — жанчыны. Гэта не дзіўна, бо як мінімум палова прысутных — педагогі гэтай і суседняй школ.

Разам з Крывашэевым прыйшлі старшыня Заводскай выбарчай камісіі Аляксандр Казакевіч і невядомая чыноўніца з адміністрацыі ці то горада, ці то раёна (прадставіцца журналісту «Нашай Нівы» жанчына не захацела).

На пачатку сустрэчы Андрэй Крывашэеў зняў пінжак, закасаў рукавы кашулі, зняў і гальштук. «Вітаю, таварышы! Спадары і спадарыні!» — пасміхнуўся ён прысутным. А пасля адразу ж прапанаваў забараніць працаваць на сходзе журналісту партала Naviny.by, які здымаў відэа. Маўляў, пачатак паздымайце для пратакола, а пасля камеру трэба выключыць. Чаму? «Ну а раптам будуць асабістыя пытанні».

«Давайце дэмакратычна», — Крывашэеў прапанаваў людзям прагаласаваць. «Хто «за», хто «супраць» відэаздымкі — падымайце рукі». У першы раз галасы былі прыкладна роўныя, але Крывашэеў абвесціў: «Большасць супраць!» А пасля сваіх уступных слоў зладзіў яшчэ адно галасаванне. Тады педагогі нарэшце здагадаліся, што ад іх патрабуецца, і забяспечылі электаральную большасць для пазбаўлення ад аператара. Хлопец з камерай сышоў.

«А вы фатаграфуйце, але сутнасць гутаркі не пішыце, — папрасіў Крывашэеў фатографа «Нашай Нівы». — Добра?»

Не добра.

«Чаму я давераная асоба? Такое супадзенне: я давяраю прэзідэнту, а ён, мабыць, давярае мне», — пакаламбурыў у пачатку сустрэчы Крывашэеў. Ён коратка распавёў, што за дзень да гэтага Лукашэнка сустракаўся з даверанымі асобамі, дзе абмяркоўвалі «наказы выбаршчыкаў», табакеркі, каранавірус, праблемы будаўніцтва жылля, дачнікаў, рамонты садкоў і школ і шмат-шмат іншага, ад працы праваахоўных органаў да змен у Канстытуцыі.

«І сёння я пастараюся адказаць на ўсе вашы пытанні максімальна сумленна!», — паабяцаў Крывашэеў аўдыторыі.

Першай узяла слова маладая настаўніца. Яна паскардзілася на «всеобуч» — гэта калі настаўнікаў прымушаюць хадзіць па кватэрах раёна і весці ўлік дзяцей.

«На аднаго настаўніка — 2 пад'езды. Гэта больш за сто кватэр, якія трэба абысці па два разы на год. І нярэдка адкрываюць людзі проста неадэкватныя, у стане алкагольнага ап’янення. Калі настаўнікаў ужо пазбавяць ад гэтага?» — пацікавілася жанчына.

«А давайце я спытаю адразу ў Ігара Васільевіча! — прапанаваў Крывашэеў і набраў з мабільнага міністра адукацыі Карпенку. — Ён мой добры сябар, часта з ім камунікуем».

Выйшла, праўда, не так эфектна, як планавалася, бо Карпенка скінуў званок. Крывашэеву прыйшлося даваць рады сваімі сіламі.

«Асабіста маё меркаванне, калі вашы візіты да людзей звязаныя з канфліктамі, то гэтую праблему можна вырашыць толькі пераклаўшы на сацыяльную службу. І незразумела для чаго весці такім чынам улік дзяцей, у нас жа амаль поўная лічбавізацыя… — разважаў Крывашэеў. — Я паспрабую знайсці адказ на гэтае пытанне. Спадзяюся, Карпенка ператэлефануе».

Яшчэ адна кабета-педагог паскардзілася на паркоўку каля МАЗа і на мясцовы парк, дзе выгульваюць сабак і выпіваюць: «З дзецьмі няма дзе пагуляць, смеццевыя кантэйнеры стаяць на праезнай частцы…»

Тым часам усё ж ператэлефанаваў Карпенка. Праблему парковак і кантэйнераў давялося адкласці і пытацца ў міністра пра «всеобуч».

«Я ўключу на гучную сувязь, калі вы не супраць?», — прапанаваў Крывашэеў свайму суразмоўцу. Але, мабыць, Карпенка быў супраць, бо Крывашэеў паківаў у слухаўку («Ага. Так-так. Так. Зразумела»), а пасля патлумачыў прысутным: да такой працы падключаюць настаўнікаў, бо гэта фактычна прапісана ў дэкрэце №18 аб абароне дзяцей у нешчаслівых сем’ях.

Настаўнікі, праўда, адказалі, што міністр нешта блытае.

«Але ж у вас ёсць нейкая надбаўка за гэта, так мне сказаў міністр, — не здаваўся Крывашэеў. — Вам жа за гэта даплачваюць?»

«Нее!» — хорам адгукнуліся жанчыны.

Тады Крывашэеў трохі паразважаў на тэму абароны дзяцей, а пасля шчыра прызнаў:

«Не ведаю, як гэта вырашыць. Разумею Карпенку як міністра-камуніста, але… давайце падумаем».

Пасля вярнуліся да парковак і п’янтосаў у парку. «Магу паабяцаць, што пры выпадку пагавару з кіраўніцтвам МАЗа, напішу запыт кіраўніцтву з грамадскай прыёмнай Белай Русі», — адказаў Крывашэеў.

Яшчэ адно пытанне — і зноў жанчына-педагог. «Ці плануецца будаўніцтва інтэрнатаў для маладых спецыялістаў, у прыватнасці, настаўнікаў?»

Гэта залежыць ад МАЗа, адказаў Крывашэеў. Маўляў, заводу абяцалі пабудаваць два дамы з дзяржпадтрымкай, за гэта МАЗ вызначыць месцы ў сваіх інтэрнатах для маладых медыкаў і настаўнікаў. Праўда, прызнаў выступоўца, гэта абяцалі МАЗу яшчэ пры Мясніковічу, і дакладна адказаць, калі план ажыццявіцца, пакуль цяжкавата.

«Цяпер няма грошай у бюджэце на гэта, бо шмат сродкаў пайшло на барацьбу з каранавірусам», — патлумачыў Крывашэеў. І абнадзеіў: як адкрыюць межы і ў завода запрацуюць продажы, то будуць грошы.

Пасля абмеркавалі словы Лукашэнкі пра абмежаванне росту сталіцы. Адзін з прысутных паскардзіўся, што інфраструктура ўсё роўна не ляпшае. Крывашэеў яго супакоіў: «Камерцыйная забудова прадугледжвае ўсё неабходнае, Карыч мне казаў, што нельга пабудаваць дамы і не пабудаваць школу і садок побач. А ўвогуле — паскардзіцеся на гарачую лінію СТБ, так мэр хутчэй пачуе». Яшчэ адна дама паскардзілася на Зелянбуд: маўляў, не могуць давесці да ладу дарожку да школы…

Сустрэча пачала нагадваць прыём жыхароў раёна ў дэпутата мясцовых саветаў.

Прыкладна праз 40 хвілін пасля пачатку Крывашэеў прапанаваў, каб тыя, каму трэба дадому, разышліся. У выніку ў зале засталося каля тузіна слухачоў. Яны падселі бліжэй і працягнулі размову.

Абмеркавалі і паркоўкі, і кепскія дарогі раёна, а адна з кабет паскардзілася на паліклініку.

«Вось бы прэзідэнт туды нечакана заехаў!» — падзялілася марамі яна.

На гэта Крывашэеў падзяліўся сакрэтам: маўляў, перад візітам Лукашэнкі куды-небудзь яго памочнік па вобласці заўсёды збірае інфармацыю пра скаргі і праблемы мясцовых. І падчас візіту адпаведны даклад даюць Лукашэнку і тлумачаць: калі звярнуць з маршрута на пару метраў, то ўбачыце і закінутыя памяшканні, і дахі, якія цякуць.

«І калі прэзідэнт разумее, што гэта праблемы, якія не могуць вырашыць на мясцовым узроўні, то ён туды ідзе. І мы ж гэта паказваем, мы ж гэта ніколі не хаваем», — паведаміў Крывашэеў.

Камунікаваць з людзьмі Крывашэеў умее. Тут пажартуе, там пасмяецца, тут раскажа пра свой мікрараён, там узгадае паездку ў Асецію ці Казахстан («Астану адбудавалі са шкла і бетона, але з каранавірусам не далі рады — падчас пандэміі пад’езды людзям заварвалі»).

Разам з тымі, хто застаўся, ён не спяшаючыся пагаварыў і пра школы, і пра сталічныя раёны, і пра гарадскі сметнік. Узгадалі і плюсы, такія, як, напрыклад, экасцяжына ў Чыжоўцы. Тут ажывілася безыменная чыноўніца.

«Гэта ўсё падтрымка дзяржавы, гэта ўсё нам робіць прэзідэнт!» — нагадала яна прысутным.

У выніку, сустрэча заняла ў Крывашэева каля 1,5 гадзіны. Усе, здаецца, засталіся задаволенымі: і жыхары раёна, і сам Крывашэеў. Напрыканцы ён нават даў «Нашай Ніве» каментар пра сёлетнія выбары.

«Я ўжо вызначыўся, канечне, галасаваць буду за Алякасандра Лукашэнку. З апазіцыйных кандыдатаў мне, проста як журналісту, цікавая пазіцыя Ганны Канапацкай, бо яе праграма радыкальна адрозніваецца ад сённяшняй, яна супрацьлеглая той палітыцы, якая сёння праводзіцца ў Беларусі.

Што тычыцца Ціханоўскай, то я не ўбачыў у яе праграмы. А з палітычнага і паліталагічнага пункту гледжання гэта глупства: клікаць людзей на выбары, каб пасля праводзіць другія выбары. Я думаю, гэты паліттэхналагічны ход не пройдзе. Людзі гэта не ацэняць, гэта пустое выкарыстанне рэсурсаў. Калі ты сабраўся ісці ў прэзідэнты і перамагаць, то перамагай на выбарах, а не абяцай людзям, што ты тэхнічны кандыдат. Ды і ў гісторыі я не ўзгадаю такіх выпадкаў, калі б клікалі на выбары дзеля выбараў… Ну хіба што можна ўзгадаць трэці тур Юшчанкі ва Украіне, які па той Канстытуцыі быў незаконным, але быў кампрамісным рашэннем. Але я не думаю, што ў Беларусі сітуацыя такая ж, як ва Украіне, — растлумачыў сваю пазіцыю Крывашэеў. 

Другога тура ў нас не будзе, сустракаючыся з людзьмі, я ўсё больш у гэтым упэўніваюся.

Прагноз на выніковыя лічбы галасавання рабіць цяжка, я не сацыёлаг. І з большасцю людзей я сустракаюся ў Мінску, а Мінск традыцыйна больш апазіцыйны да ўлады за іншыя рэгіёны. Але я гаварыў з іншымі даверанымі асобамі, якія працуюць у рэгіёнах, і гаварыў са сваімі сваякамі з Магілёўскай вобласці, з Брэсцкай — там настроі нашмат больш прапрэзідэнцкія, чым у сталіцы».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру