25 ліпеня з Дзмітрыем Каракіным з гурта Litesound здарылася дзіўная гісторыя.

«Я ехаў па вуліцы Прыгараднай, звярнуў направа на Гая. І там стаялі даішнікі на скрыжаванні. Я праехаў спакойна, яны за мною з маячкамі. Пасля я спыніўся на чырвонае — даішная машына за мной, але маячкі выключылі. Ну я падумаў, што не па маю душу і спакойна паехаў далей, калі запалілася зялёнае на светлафоры. Але ж не: праз гучнагаварыцель мне загадалі спыніцца, — згадвае Дзмітрый. — Падышоў інспектар, узяў дакументы. Пытаюся ў яго: у чым праблема? Маўчыць, проста калупаецца ў маіх дакументах, нічога не кажа».

Пасля даішнік заўважыў, што ў Каракіна няпройдзены тэхагляд і папрасіў прайсці з ім у міліцэйскую машыну для складання пратакола.

«Я адмовіў, ветліва папрасіўшы супрацоўніка скласці самастойна пратакол, які я падпісаў бы ў сваёй машыне. Улічваючы «складаную эпідэміялагічную сітуацыю», гэта цалкам лагічная просьба. Тады даішнік сышоў і вярнуўся ў суправаджэнні 120- кілаграмовага маёра, які пачаў размову адразу ж на падвышаных танах: «У цябе ёсць шкло лішняе?» Я кажу: «У сэнсе?» Маёр: «Я тваё разаб'ю шкло, каб ты выйшаў!» — згадвае Каракін. — Я спытаў: «Вы мне пагражаеце?» Тады даішнік схапіўся за ручку дзвярэй, але дзверы былі зачыненыя знутры.

Пасля чаго адбылося тое, што я нават чакаць не мог. Ён рэзка схапіўся за кабуру, расшпіліў яе з відавочным намерам дастаць пісталет. Натуральна, я адчыніў дзверы і выйшаў, не даводзячы сітуацыю да стральбы».

Каракін кажа, што вельмі напалохаўся ў той момант.

«У мяне ўсё жыццё перад вачыма, я рэальна абалдзеў… Было сапраўды страшна. Плюс мы адкрыта выказваліся пра дзеянні ўладаў, і я падумаў: можа, сітуацыя звязаная з гэтым і цяпер мяне проста затрымаюць. Таму я выйшаў з аўто і адразу набраў бацьку, папярэдзіў, што адбываецца і дзе я знаходжуся.

У даішнай машыне я падпісаў той пратакол, атрымаў штраф на 27 рублёў. Акрамя таго, даішнік мне прачытаў лекцыю: нібыта мае паводзіны можна было расцаніць як непадпарадкаванне, — распавёў Каракін. — Але пасля мы пачалі разбірацца.

Ёсць дакладны пералік выпадкаў, калі выкарыстоўваюцца маячкі і пагоня за машынай. Пагроза прымянення зброяй таксама магчыма толькі ў пералічаных законам выпадках. Жаданне кіроўцы заставацца ў сваёй машыне не з'яўляецца падставай для гэтага. Патрабаванні пакінуць аўтамабіль для складання пратакола таксама з'яўляецца незаконным.

Таму цяпер мы будзем падаваць скаргу на дзеянні даішнікаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?