28 ліпеня ў рэгіёнах Беларусі адбыліся новыя затрыманні, на актывістаў працягваюць складаць пратаколы, а ў брэсцкага актывіста Андрэя Шарэнды праходзіць ператрус, паведамляюць праваабаронцы.

Мінск

Каля КДБ у Мінску затрымалі больш за 10 журналістаў і людзей, якія стаялі ў чарзе.

Каля будыну КДБ у Мінску затрыманыя журналісты і грамадзяне, якія прыйшлі, каб стаць паручыцелямі для змены меры стрымання для Віктара Бабарыкі.

Масты

У Мастах затрымалі Рамана Рабцова, які распаўсюджваў выбарчыя матэрыялы ў прыватным сектары, раскідваў іх у паштовыя скрынкі. Яго затрымала міліцыя, забралі тэлефон і завезлі ў РУУС складаць пратакол адміністрацыйнага правапарушэння за распаўсюд рэкламнай прадукцыі ў недазволеных месцах. Пазней міліцыя яго адпусціла, узяўшы тлумачэнні. Але тэлефон не аддалі.

Орша

У Оршы затрымалі Іллю Ціханава. У гэты дзень ён на сваёй машыне мусіў везці давераных асоб Святланы Ціханоўскай на пікет у Талачын. Па папярэдняй інфармацыі на яго складзены пратакол па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Суд хутчэй за ўсё адбудзецца заўтра.

Светлагорск

У Светлагорску пасля пікета Святланы Ціханоўскай мясцовага актывіста Валерыя Смалянчука выклікаюць у РАУС на 30 ліпеня, каб скласці пратакол па арт. 23.34 КаАП. Верагодна гэта звязана з тым, што падчас пікету ён заклікаў людзей прыходзіць на плошчу ў Светлагорску па нядзелях і падтрымліваць тым самым экаактывістаў.

Гродна

Сёння скончыўся 15-суткавы тэрмін арышту жыхара Ліды Дзяніса Рудзевіча, але на волю яго не выпусцілі. На яго склалі новы адміністрацыйны пратакол па 23.34 КаАП (за што менавіта - пакуль невядома) і будуць заўтра судзіць у Лідзе. 

Брэст

Тэлеграм-канал грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» паведаміў, што па стане на 16.30 адбываецца ператрус у кватэры іх брэсцкага каардынатара Андрэя Шарэнды, дзе ён пражывае з жонкай і двума дзецьмі.

Ператрус праводзяць супрацоўнікі Маскоўскага РУУС Берасця. Пастанова падпісаная старэйшым участковым інспектарам міліцыі Даўжанюком.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0