Апошнія некалькі тыдняў беларусы даволі часта кажуць, што ў месцах масавага збору людзей перастае ці прынамсі пачынае горш працаваць мабільны інтэрнэт. Tut.by спытаў у аператараў, з чым можа быць звязаная такая праблема і што ў такім выпадку рабіць.
Вось што адказалі аператары.
A1
— Работы па пашырэнні ёмістасці сеткі ў адпаведнасці з патрэбамі кліентаў вядуцца кампаніяй на штодзённай аснове. Акрамя гэтага, у месцах масавага збору людзей, напрыклад «Мінск-Арэна» або Нацыянальны алімпійскі стадыён «Дынама», пры неабходнасці праводзяцца работы па пашырэнні ёмістасці ў моманты пікавай нагрузкі. У прыватнасці, для паляпшэння якасці сувязі ў парку Дружбы народаў Кампанія A1 зрабіла аператыўную мадэрнізацыю абсталявання, што дазволіла павялічыць ёмістасць 3G-сеткі ў пяць разоў.
Пры гэтым, каб пазбегнуць крытычных нагрузак на сетку ў месцах вялікай колькасці людзей рэкамендуецца пераводзіць прылады ў Wi-Fi сеткі, здзяйсняць адкладзеную адпраўку аб'ёмных файлаў, прыярытэзаваць перадачу звестак з выкарыстаннем тэкставых паведамленняў, а не відэастрымінгу, па магчымасці зніжаць колькасць галасавых выклікаў, рэзкі рост якіх таксама можа ўплываць на пагаршэнне якасці мабільнага інтэрнэту. У асобных выпадках рэкамендуецца здзяйсняць пераключэнне стандартаў сувязі з 4G на 3G.
life:)
— Масавая колькасць людзей у месцах, дзе раней такога не назіралася, — відавочная прычына перагрузкі сеткі і пагаршэння якасці мабільнага інтэрнэту.
Мы сутыкаемся з такімі сітуацыямі, аднак яны не заўсёды прагназаваныя, а кропкавае ўзмацненне сеткі патрабуе падрыхтоўкі. Цяпер мы аналізуем, што можам зрабіць, і пастараемся павялічыць прапускную здольнасць сеткі, дзе гэта магчыма. Абанентам можам парэкамендаваць спрабаваць пераключацца паміж 3G і 4G на смартфоне і карыстацца тэкставымі паведамленнямі, каб заставацца на сувязі.
МТС
— Сапраўды, пры масавай колькасці абанентаў нагрузка на сетку павялічваецца. Мабільная сувязь, у адрозненне ад фіксаванай, не дае гарантый хуткасці працы сэрвісаў перадачы звестак пры пікавых нагрузках, абанентам неабходна гэта ўлічваць. Планаванне работы сеткі адбываецца на падставе сярэдняй нагрузкі, якую ствараюць абаненты, і звязана з прагназаваным трафікам. Калі ўзровень нагрузкі ў пэўных лакацыях узрастае, гэта ўлічваецца ў далейшым пры аптымізацыі працы сеткі.
Што яшчэ можна зрабіць
- Змяніць сетку / аператара. А менавіта — паспрабаваць пераключыць сотавую сетку з 3g на 4g (LTE) ці наадварот;
- паспрабаваць іншы месенджар, выкарыстоўваць проксі-сервер;
- усталяваць месенджар, які працуе без інтэрнэту, напрыклад, Bridgefy або FireChat.
Фота на галоўнай старонцы: Аляксандра Піліповіч-Сушчыц
Глядзіце таксама:
Першая сустрэча з Ціханоўскай у Мінску сабрала нечакана шмат людзей ФОТЫ





