Наталлю Леанюк, сястру Веранікі Цапкала, запрашалі ў органы для дачы паказанняў сведак па справе Валерыя Цапкала — прасілі пракаментаваць заяву Цапкала «аб ілжэсведчанні» бізнэсмэна Ігдэджы, паведамляе Tut.by.

Аб затрыманні Наталлі Леанюк Вераніцы Цапкала паведамілі супрацоўнікі Белгазпрамбанка. Там Леанюк узначальвае аддзел маніторынгу, суправаджэння крэдытных аперацый малога бізнэсу.

— Каля банка да мяне падышлі трое ў цывільным, уручылі позву — запрашэнне для дачы паказанняў. Сказалі, «па справе Цапкалы», — распавяла TUT.BY Наталля Леанюк пасля таго, як яе адпусцілі.

Па словах сястры, гэта былі супрацоўнікі ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. Ці праходзіць Наталля па справе як сведка, яна не ведае.

— Мяне са статусам не азнаёмілі, проста сказалі, што хацелі б, каб я патлумачыла азначанае ў лісце. Мне зачыталі зварот Валерыя Вільямавіча (Цапкалы). Напэўна, гэта была яго заява. Я сказала, што патлумачыць нейкія рэчы не магу ў сілу няведання, і скарысталася сваім правам згодна з артыкулам 27 Канстытуцыі не сведчыць супраць блізкіх, — распавяла падрабязнасці Наталля Леанюк.

У пачатку ліпеня Валерый Цапкала падаваў у пракуратуру заяву на бізнэсоўца Седата Ігдэджы аб «ілжэсведчанні» ў адказ на ініцыяваную паводле заявы Ігдэджы праверку аб «супрацьпраўнай дзейнасці».

Прычыну выкліку для дачы паказанняў праваахоўныя органы патлумачылі тым, што самога Валерыя Цапкалу няма ў краіне і ўдакладніць патрэбную ім інфармацыю ў яго асабіста не могуць, таму хочуць апытаць сваякоў. Пасля нерэгістрацыі ў якасці кандыдата Цапкала з дзецьмі пакінуў Беларусь.

Раней Вераніка Цапкала паведамляла, што яе сястру людзі «ў цывільным» павезлі ў невядомым кірунку. «Па вонкавым апісанні гэта былі тыя ж супрацоўнікі, якія ўручалі позву і мне», — адзначала яна.

— Я так разумею, што нам з ёй у адзін час уручалі позвы, таму што яны сапраўды гэтак жа хацелі, каб я праехала з імі. Але ў сувязі з тым, што я ехала ў ЦВК, я папрасіла, каб мяне не затрымлівалі. Мяне адпусцілі, — казала Вераніка Цапкала перад тым, як адправіцца даваць паказанні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0