Дырэктар Гродзенскага цэнтральнага спартовага комплексу «Нёман» Віктар Шумель напісаў адкрыты ліст да кіраўніка штаба Лукашэнкі Міхаіла Орды. Ён, як і многія калегі, абурыўся словамі Орды пра агульную падтрымку дзейнага прэзідэнта прафсаюзамі і збіраецца выйсці з аб'яднання.
Віктар Шумель. Фота з «Укантакце»
Віктар у адкрытым лісце звяртае ўвагу, што падчас лукашэнкаўскага кіравання правы працоўных ушчамляліся. Гэта і падатак на дармаедства, і павышэнне пенсійнага ўзросту, і недахоп сродкаў індывідуальнай абароны ў дактароў.
«Я бачу стаўленне да федэрацыі прафсаюзаў як да крыніцы фінансавання, а не адстойвання правоў яе членаў.
Не выпадкова ж у перыяд перадвыбарчай агітацыі актывізаваліся «экскурсійныя» паездкі па краіне?» — піша дырэктар. І просіць федэрацыю захоўваць нейтралітэт падчас выбарчай кампаніі.
Віктар расказвае, што ў іх арганізацыі ў прафсаюзе было каля 150 чалавек. Пасля слоў Орды траціна напісала заявы аб выхадзе.
«Незадаволенасць была і раней, але гэта стала іскрай, — кажа Шумель. — Маю пазіцыю вышэйшае кіраўніцтва ведае. І меркаванні людзей я ім таксама даносіў.
Але пабачыў, што нас не чуюць — проста хочуць ціхенька вярнуць на свой шлях».
Віктар лічыць, што сёлета шмат будзе залежаць ад меркавання кожнага, таму варта выказвацца адкрыта.
Сам ён у гэтай кампаніі падтрымліваў Віктара Бабарыку, пакуль яго не знялі з гонкі.
Спарткомплекс Віктар узначальвае з 2017 года. Пра тое, што пасля гучнай заявы можа страціць пасаду, выдатна разумее.
«Пра новае месца на гэты выпадак даўно думаў. Я ж не дурны чалавек, знайду працу», — спакойна ставіцца ён.





